Паэту з Беласточчыны Юрку Баену – 65



Аднаму з цікавых беларускіх паэтаў Беласточчыны Юрку Баену 24 сакавіка спаўняецца 65 гадоў з дня нараджэння.

Юрый Баена Фота: Беларускае Радыё Рацыя

Праз імглу

Вобмацкам іду

Да роднага дому.

Гэтыя радкі належаць менавіта яму, Юрку Баену. А родны яго бацькоўскі дом, дзе паэт з’явіўся на свет, знаходзіцца ў вёсцы Мокрае Бельскападляскага павета. Прыйшоў ён на свет у добры час. Польшча гэтага перыяду павольна пазбаўлялася залежнасці ад Савецкага Саюза. Беларускія вёскі на Беласточчыне разам з польскай сельскай гаспадаркай павольна аджывалі, вырываліся з сацыялістычных дагматычных шаблонаў, павольна выходзілі на рынкавы прастор. 3 гэтага вынікае, што дзяцінства Юркі Баены прыпала на гады павольнага адраджэння Польскае дзяржавы і яе паходу ў бок рацыяналізму.

Закончыўшы пачатковую школу, Юрка Баена паступіў у Бельскі беларускі ліцэй, у якім шырэй і глыбей пазнаёміўся з беларускай літаратурай і найвыдатнейшымі беларускімі пісьменнікамі. Юнак знаходзіўся пад уплывам польскай літаратуры, якая ў 1970-х гадах значна адрознівалася ад беларускай ступенню творчае свабоды пісьменніка і перадусім ступенню паэтычнага наватарства. Закончыўшы ліцэй, Юрка Баена не выбраў філалагічны факульгэт у адным з польскіх універсітэтаў, а накіраваўся вывучаць геаграфію ў Люблінскім універсітэце М.Кюры-Складоўскай. Але вершы пісаць не пакінуў. А пачынаў паэтычны шлях з Бельскага беларускага ліцэя. Аднойчы свае радкі прапанаваў беларускаму тыднёвіку “Ніва” у Беластоку, дзе ўпершыню яны і з’явіліся ў друку ў 1973 годзе.

А ў 1991 годзе свет пабачыў яго першы паэтычны зборнік “Лісты блакітных успамінаў”. Услед за ім з друку выйшлі кнігі “Вечар над светам”, “Крык дзікай ружы”, “Пад нашым небам”, “Вочы зялёнай душы”, “Бераг надзеі”.

Цяпер Юрка Баена з’яўляецца сябрам Беларускага літаратурнага аб’яднання “Белавежа”, ганаровым сябрам Саюза беларускіх пісьменнікаў.

Кнігі Юркі Баены – гэта кнігі філасофіі жыцця, чалавечай смагі лепшай радасці і высокай раскошы шчасцем. Сама душа (не як метафара, а як паняцце метафізічнае) для паэта — скарб, матчын дар. Любоў да маці, да Айчыны, да зямлі, да людзей — старонка беларуская, якой шчыра прысягае аўтар на вернасць сваімі паэтычнымі радкамі.

З юбілем, спадар Юрка! Здароўя, дабра, шчасця і творчага натхнення яшчэ на доўгія гады.

На фота: Віктар Швед, Юрый Баена і Юрка Буйнюк Фота: Беларускае Радыё Рацыя

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя