Паэтычны алфавіт Таццяны Яцук



У менскім выдавецтве “Кнігазбор” свет пабачыла паэтычная кніга сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў, настаўніцы з Баранавіч Таццяны Яцук “Алфавітная музыка слоў”.

Арыгінальнасць зборніка ў тым, што яго склалі алфавітныя вершы. Напрыклад, вось як гучаць страфа, усе словы якой пачынаюцца з адной літары:

Рашучасць разжалобіць роздум, Разважна разане разок. Раптоўна расквітнее розум, Расквеціць радасцю радок.

Зборнік вершаў Таццяны Яцук складаецца з чатырох раздзелаў, у кожным з якіх вершы маюць арыгінальную будову. Чытач знойдзе ў кнізе глыбокія філасофскія разважанні пра дабро і зло, каханнее і здраду, асэнсаванне многіх жыццёвых праблем.

“Алфавітная музыка слоў” – шосты па ліку паэтычны зборнік Таццяны Яцук, якая жыве ў Баранавіч, а родам з Наваградчыны. У свой час яна скончыла філфак БДУ, была актыўным сябрам універсітэцкага літаб’яднання “Узлёт”, якім кіраваў прафесар Алег Лойка.

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя