Паэтычны перазвон Уладзіміра Шурпы



Выдатнаму гарадзенскаму паэту, журналісту, педагогу і проста шчыраму чалавеку Уладзіміру Шурпу 9 верасня споўнілася б 80 гадоў з дня нараджэння. А яго ўжо 21 год няма сярод нас.

Пазнаёміўся я з Уладзімірам у канцы 1980-х – напачатку 1990-х гадоў, калі ён працаваў на Гарадзенскім абласным радыё. Ён мне часта тэлефанаваў і прасіў даваць на радыё розныя навіны, найперш тыя, якія адбывалася ў маім рэгіёне на ніве культуры і літаратуры. А потым сам завітаў у Слонім, зрабіў са мной гутарку на радыё, запісаў некалькі мясцовых паэтаў, якія чыталі свае вершы. А мы ў знак падзякі апублікавалі нізку яго твораў на старонках раёнкі.  

Потым з Уладзімірам былі сустрэчы ў Гародні, гутаркі пра нашу літаратуру. Гэта быў вельмі просты, адкрыты і спакойны чалавек, які любіў творчую інтэлігенцыю, які перажываў за лёс роднай мовы. Васіль Быкаў у прадмове да зборніка літаратурнай Гарадзеншчыны “Краю мой – Нёман” (Мн., 1986) аднёс Уладзіміра Шурпу да “вопытных майстроў  паэтычнага слова, якія даўно і плённа працуюць у паэзіі”.

Разам з Уладзімірам Шурпам у Гарадзенскім педінстытуце вучыўся паэт з Ліды Уладзімір Васько. Вельмі цёпла сёння прыгадвае спадар Васько свайго цёзку: “Калі я паступіў у Гарадзенскі педінстытут імя Янкі Купалы, Уладзімір Шурпа ужо займаўся на трэцім курсе. Аднак мы з ім даволі хутка зблізіліся і пасябравалі. Разам хадзілі у рэдакцыю газеты “Гродзенская праўда”, выступалі на абласным радыё. Уладзімір Шурпа быў здольным паэтам, вясёлым, гарэзлівым, гаваркім, разумным хлопцам. У суботнія і нядзельныя вечары Валодзя звычайна браў у рукі гармонік, на якім добра іграў, і праходзіў па калідорах інтэрната з чацвёртага па першы паверх, выводзячы мелодыі беларускай полькі ці вальсаў. Гэта быў сігнал для хлопцаў і дзяўчат збірацца на танцы”.

Пры жыцці Уладзіміру Шурпу ўдалося ў 1996 годзе выдаць толькі адзіны зборнік паэзіі “Перазвон адліг”.  У адным з вершаў паэт пісаў:

Шчаслівым заўжды заставацца хачу,

Вядома, не песціцца ў вечнай параднасці.

Калі ж заняволяцца слёзы ўваччу,

Няхай яны льюцца ад радасці.

Кожны раз, калі вяртаюся з Гародні дамоў, праязджаю побач вёску Саволеўка. Родную вёску Уладзіміра Шурпы, дзе ён нарадзіўся і напісаў пра вёску шмат сваіх паэтычных радкоў. Ці памятае сёння Саволеўка свайго таленавітага земляка? І ці ўшанаваны ён саволеўцамі і гарадзенцамі памятнай шыльдай, помнікам, назвай вуліцы?.. На вялікі жаль, не.

Сяргей Чыгрын, Беларускае Радыё Рацыя