Пагоня і БЧБ сцяг у вершах зборніка „Ад родных ніў” Ларысы Геніюш



9 жніўня – дзень нараджэння вялікай беларускай паэткі і нязломнай патрыёткі, пакутніцы сталінскага ГУЛАГу Ларысы Геніюш (1910-1983).

Першы зборнік паэткі выйшаў з друку ў Празе ў 1942 годзе. Ён называўся “Ад родных ніў”. Факсімільнае выданне зборніка ў 1995 годзе ажыццявілі Міхась Скобла і Сяргей Чыгрын пры фінансавай падтрымцы ТАА “Альгерд”. Наклад факсімільнага выдання зборніка быў 3000 асобнікаў, ён друкаваўся ў Слонімскай узбуйненай друкарні.

Вершы, якія склалі зборнік “Ад родных ніў”, напоўнены настальгіяй і роздумам пра лёс Бацькаўшчыны. Амаль у кожным вершы паэтка звяртаецца да беларусаў, да роднага краю, да яго гісторыі, да прыроды, да братоў-беларусаў і сваякоў. У вершы “Адказ” Ларыса Геніюш пытаецца ў хлопца скуль ён родам. І той адказвае, што ён родам з зямлі беларускай, дзе льецца Нёман. А яшчэ юнак у вершы кажа:

Бо мы хочам волі Горача і цвёрда, Бо мы хочам славы Для Пагоні гордай!

Бел-чырвона-белы ці крывіцкі сцяг і герб “Пагоня” праходзяць праз многія вершы паэткі. Яна іх апявае шчыра і горда, бо яны для аўтаркі самыя мілыя і дарагія, як наша беларуская зямля:

Нішто так няміла, як родны наш сцяг, Як нашы дзядоўскія гоні. Нішто так няміла, як тое дзіця, Што сэрцам вітае Пагоня!

Роднаму сцягу Ларыса Геніюш прысвяціла нават верш, ён так і называецца “Наш сцяг”. У гэтым вершы згадваецца і герб “Пагоня”, і бел-чывона-белы сцяг, з якім аўтарка не жадае развітвацца нават тады, калі яна памрэ:

Няхай разгорне свае крыллі, Як стораж вечнага жыцця, Хай зашуміць хоць на магіле Мне бел-чырвона-белы сцяг.

У вершы “Моладзі” Ларыса Геніюш заклікае крывіцкіх дзяцей, каб яны дружна разам сталі пад наш сцяг, бо воля краю “нам зоркаю свеціць, яго шчасце – у нашых руках”:

Гэй, збірайцесь крывіцкія дзеці Пад народны, пад горды наш сцяг!.. Паэтка не жадае бачыць чужыя гербы, яе цікавіць толькі ўсё сваё, роднае: Чужы серп непатрэбны, ні молат – Мы разгорнем крывіцкі наш сцяг!

Верш “Паход” завяршае зборнік “Ад родных ніў”. У ім аўтарка з надзеяй глядзіць наперад і бачыць Беларусь вольнай і незалежнай краінай, дзе

Разгорнуты сцяг наш вышэй і вышэй Над намі ўздымаецца ў зоры…

Аксана Шпак, Беларускае Радыё Рацыя