Пайшоў з жыцця аўтар сімфоніі «Курапаты» Кім Цесакоў
20 снежня не стала беларускага кампазітара, заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі Кіма Цесакова, вучня кампазітара Дзмітрыя Шастаковіча, аўтара сімфоніі «Курапаты», сябра Васіля Быкава і Рыгора Барадуліна, піша «Радыё Свабода».
Кім Цесакоў нарадзіўся 20 лютага 1936 году ў Чэрвені. Пасля заканчэння Гомельскай музычнай вучэльні імя Несцера Сакалоўскага і Новасібірскай дзяржаўнай кансерваторыі Кім Цесакоў выкладаў у Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі імя Луначарскага, Менскай музычнай вучэльні імя Глінкі і сярэдняй спецыяльнай музычнай школе пры кансерваторыі, загадваў рэдакцыяй музычнай літаратуры выдавецтва «Беларусь». Кім Цесакоў — ганаровы грамадзянін Чэрвеня, лаўрэат нацыянальнай прэміі імя Васіля Віткі і ўсесаюзных конкурсаў, узнагароджаны медалём Францішка Скарыны.
Сімфонія № 4 «Курапаты», завершаная Кімам Цесаковым 8 лютага 1990 года, — гэта адзіны твор беларускай музычнай класікі, прысвечаны Курапатам, ён з посьпехам выконваўся ў Беларусі і шэрагу замежны краін. Музыкай сусветнага ўзроўню назваў сімфонію «Курапаты» вядомы дырыжор, народны артыст СССР Яўген Святланаў, — піша «Новы час».
«Творчасць Кіма Цесакова даўно здабыла папулярнасць і стала вельмі значнай часткай музычнай культуры Беларусі, – адзначаецца на сайце Саюзу кампазітараў Беларусі. – Яна ахоплівае амаль усе існуючыя жанры сучаснасці. Музыка кампазітара вабіць жывым подыхам сучаснасці, яна нацыянальна афарбавана, з несумненным уплывам фальклёру”. Творы Цесакова К.Д. гучаць у Германіі, Польшчы, Галандыі, Бельгіі, Люксембургу, Швецыі, Францыі, Англіі, Грэцыі і іншых краінах.
Фота facebook