Пайшоў з жыцця гарадзенскі мастак Анатоль Скамарошчанка



Гарадзенскі мастак, выкладчык, Анатоль Скамарошчанка памёр ва ўзросце 65 гадоў. Калегі называлі яго мастаком па пакліканні, хіпі па перакананнях, філосафам па жыцці.

Яго персанальная выстава „Кропкі” да 60-годдзя зрабіла вялікі розгалас у аматараў мастацтва. Згадвае мастак Сяргей Грыневіч:

– Ягоная майстэрня была цэнтрам прыцягнення для мастакоў, знаёмых і для моладзі ў першую чаргу. Таму што ён займаўся і выкладчыцкай дзейнасцю. Ён быў цэнтрам прыцягнення для людзей ўсіх узростаў. Чалавек ён быў усё ж камунікабельны і вельмі цікавы, і ўвогуле гэта была цэльная асоба.

Развітанне з мастаком пройдзе ў Гародні 2 і 3 кастрычніка ў пахавальнай зале на праспекце Касманаўтаў. А 3-га кастрычніка пройдзе чын паніхіды ў Царкве Усіх Беларускіх Святых а 14-й гадзіне.

Анатоль Скамарошчанка нарадзіўся ў 1954 годзе ў Гародні, скончыў Менскую мастацкую вучэльню, Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут, з 1982 г. жыў і працаваў у Гародні. Сябра БСД з 1997 г. Удзельнічаў у выставах у Менску, Гародні, Берасці, Лідзе і Беластоку. Яго работы знаходзяцца ў прыватных калекцыях у Беларусі, Польшчы, Расеі, ЗША, і Нямеччыне.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня

Фота: facebook.com