Пайшоў з жыцця мовазнавец і педагог Павел Сцяцко
У Гародні памёр ведамы мовазнавец і педагог Павел Сцяцко. Павел Уладзіміравіч Сцяцко нарадзіўся 5 сакавіка 1930 года ў вёсцы Грабава, цяпер Зэльвенскі раён Гарадзенскай вобласці.
Скончыў літаратурны факультэт (аддзяленне беларускай мовы і літаратуры) Гарадзенскага педагагічнага інстытута. Працаваў выкладчыкам, старэйшым выкладчыкам на кафедры беларускай мовы і літаратуры.
21 снежня 1962 года абараніў кандыдацкую дысертацыю на тэму лексікі гаворак Зэльвенскага раёна. Выкладаў у Менскім педагагічным інстытуце на кафедры беларускай мовы. З 10 ліпеня 1980 загадчык кафедры рускага, агульнага і славянскага мовазнаўства Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта.
Пазней зноў працаваў у Гарадзенскім дзяржаўным універсітэце, на кафедры польскай філалогіі, з ліпеня 1990 узначаліў кафедру беларускай культуры. Удзельнічаў у стварэнні першага ў Беларусі факультэта беларускай філалогіі і культуры, пазней узначаліў кафедру беларускага і тэарэтычнага мовазнаўства.
З’яўляўся рэдактарам навуковага альманаха «Гродзенскія запісы. Старонкі гісторыі і культуры», член рэдакцыйных калегіяў выданняў «Веснік Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта», часопіса Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь «Роднае слова», «Веснік Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта”, «Białostocki Przegląd Kresowy», «Русский язык».
Уваходзіў у склад Камісіі па словаўтварэнні Міжнароднага камітэта славістаў, у склад Міжнароднага Камітэта беларусістаў. Узначальвае Гарадзенскую філію Рэспубліканскай тэрміналагічнай камісіі пры Міністэрстве адукацыі Рэспублікі Беларусь.
Мае больш за 600 апублікаваных прац, у тым ліку больш за 30 кніг і 6 брашураў (з іх 5 манаграфіяў, 5 слоўнікаў, 18 навучальных дапаможнікаў і падручнікаў для ВНУ і сярэдніх спецыяльных вучылішчаў).
Сваёй навуковай дзейнасцю зрабіў унесак у барацьбу з русіфікацыяй беларускай мовы.
Навукоўца зусім нядаўна сустрэў свой 90-гадовы юбілей.