Пайшоў з жыцця рэжысёр Павел Бандзіч



На 36 годзе жыцця памёр рэжысёр Павел Бандзіч. 6 сакавіка ў Паўла здарыўся інсульт, ён запаў у кому і памёр на наступны дзень у рэанімацыі 9-ай клінічнай больніцы Менску. У 2013 годзе Павел быў запрошаны ў якасці рэжысёра музычнага праекту «Апошні золак», які рабіў партал Tuzin.fm разам з праваабрончым цэнтрам «Вясна». Праект быў скіраваны супраць смяротнага пакарання.

Кажа кіраўнік інтэрнэт-праекта Tuzin.fm Сяргей Будкін:

– Гэта рэжысёр, ён супрацоўнічаў у тым ліку з парталам Tuzin.fm, якім я кірую. Мы разам рабілі “Апошні золак” з праваабарончым цэнтрам “Вясна”. Ён аддаўся гэтаму праекту цалкам, і дзякуючы яму гэтая задума ўвасобілася на столькі шырока і маштабна. Павел быў вельмі творчым чалавекам, меў шмат ідэяў, ён здымаў фільмы, планаваў таксама некалькі відэапраектаў, вельмі шкада, што цяпер ён іх не рэалізуе.

Павел Бандзіч працаваў рэжысёрам, кіраваў тэатральнай студыяй у Міжнародным экалагічным універсітэце імя Сахарава, адкуль быў звольнены пасля таго, як зняўся ў роліку «Схавай бабульчын пашпарт». Супрацоўнічаў з беларускай тэлевізіяй і тэлеканалам «Белсат», здымаў фільмы. Яго стужка «Сэрца за кратамі» перамагла ў намінацыі «Найлепшы публіцыстычны фільм» на фэсце «Залаты бубен» ў Ханты-Мансійску (Расея).

84969629_n

Васіль Кроква, Беларускае Радыё Рацыя