Прыхільнікі Высоцкага збяруцца на бард-фестывалі пад Наваградкам
Прыхільнікі Уладзіміра Высоцкага з’едуцца на бард-фестываль, які пройдзе на возеры Літоўка пад Наваградкам 21-22 ліпеня.
Рэгіянальны фестываль-конкурс бардаўскай песні „Музыка сэрцаў” збярэ аматараў творчасці паэта, акцёра і аўтара-выканаўцы песень Уладзіміра Высоцкага пяты раз.
Месца правядзення фестывалю выбрана не выпадкова. Уладзімір Высоцкі жыў у Наваградку ў час здымак фільма „Сыны ідуць у бой”. Спачатку ён пасяліўся ў гасцініцы, затым перабраўся ў прыватны дом на беразе возера Літоўка, куды да яго прыехала Марына Уладзі. Яны былі натхнёныя хараством і гісторыяй наваградскай зямлі. Марына Уладзі пісала ў сваіх успамінах, што менавіта тут нарадзіліся тэмы большасці песень ваеннага цыкла Высоцкага.
Марына Уладзі, Уладзімір Высоцкі, Святлана Сухавей і Віктар Тураў на тэрыторыі былога партызанскага лагера на Наваградчыне падчас здымак фільма «Сыны ідуць у бой». Жнівень 1969 года.
Адной з фішак фестывалю сёлета стане начная трансляцыя карціны „Сыны ідуць у бой”. Кінаэкран будзе ўстаноўлены непасрэдна на беразе возера. „Галоўным жа на свяце па-ранейшаму застаюцца бардаўскія песні. У конкурснай праграме прымуць удзел выканаўцы з усёй краіны”, – расказалі ў аддзеле культуры. Запланаваны культурныя мерапрыемствы і ў самім райцэнтры.
У другі дзень мерапрыемства ў гасцініцы адкрыецца музычны салон „Струна, што гучыць вершамі”. Размесціцца ён у нумары-музеі, дзе аднавілі атмасферу 50-гадовай даўніны. Цікава, што гэты незвычайны нумар можна зняць. На працягу двух святочных дзён будзе адкрыты палатачны гарадок, разгорнуцца спартыўная, забаўляльная і дзіцячая пляцоўкі, адкрыюцца тэматычныя кніжныя і фотавыстаўкі, пункты выязнога гандлю.
Завершыцца фестываль канцэртам гасцей і пераможцаў конкурсаў розных гадоў. Кожную гадзіну ад аўтавакзала ў Навагрудку да месца свята будзе курсіраваць аўтобус.
Фота Гродзенская праўда і sb.by