Пакутныя этапы гісторыка
14 лютага – 115 гадоў з дня нараджэння беларускага гісторыка Мікалая Улашчыка.
Выдатны беларускі гісторык, археограф, археолаг, этнограф, краязнавец, літаратар Мікалай Улашчык нарадзіўся 14 лютага 1906 года ў вёсцы Віцкаўшчына Койданаўскай воласці (цяпер Дзяржынскі раён) у дваццаці вярстах ад Менску. Ведамы сваімі навуковымі працамі па гісторыі Вялікага Княства Літоўскага, праблемах летапісання, крыніцазнаўства і археаграфіі.
Паходзіў Улашчык з сям’і заможнага селяніна, бацькі былі родам з Наваградчыны. Продкі будучага гісторыка на былых радзівілаўскіх землях фактычна сталі заснавальнікамі вёскі Віцкаўшчына. Мікалай быў шостым, перадапошнім, дзіцем у сям’і. Вучыўся спярша ў двухкласнай школе ў Самахвалавічах, потым у Менску ў беларускай школе. Захапленне родным словам, літаратурай сілкавала цікавасць юнака да гісторыі.
У 1924-30 гадах Улашчык працаваў у Беларускай дзяржаўнай бібліятэцы і Кніжнай палаце БССР. Браў актыўны ўдзел у беларускім жыцці Менску. Друкавацца пачаў з 1924-га. У 1929-ым годзе скончыў сацыяльна-гістарычнае аддзяленне педагагічнага факультэта БДУ. Удзельнічаў у археалагічных экспедыцыях, а пасля сам іх арганізоўваў – на Банцараўскае гарадзішча пад Менскам, Мазыршчыну, Тураўшчыну, Полаччыну.
Калі ішлі рэпрэсіі, быў арыштаваны ў Ленінградзе ў чэрвені 1930-га фактычна за краязнаўчую працу, праходзіў па справе “Саюза вызвалення Беларусі”. Звінавачаны ў тэрарызме і ў красавіку 1931 года высланы на пяць гадоў у Налінск Вяцкай вобласці, Расея.
Злева направа: Мікалай Азбукін, Яўхім Кіпель, Мікола Улашчык. Налінск, 15.12.1931.
Спрабаваў здзейсніць уцёкі на захад, але паўторна арыштаваны ў ліпені ў 1932-га, пазней этапаваны ў Марыінскі лагер (Навасібірская вобласць), потым у пасёлак Суслава Кемераўскай вобласці. Статус ссыльнага змяніўся на стан нявольніка ў канцлагеры. Вызвалены вясной 1935 года без права вяртання ў Беларусь. Змушана жыў у розных гарадах СССР – Ташкенце, Кіраве (Вятцы), Чарапаўцы, Іванаве, Саратаве, урэшце Ленінградзе, дзе была жонка. Працаваў настаўнікам, але рэпрэсіўная машына зноў патрабавала ахвяраў, у чэрвені 1941 года Улашчык арыштаваны і этапаваны ў турму Златавуста Чалябінскай вобласці. Пры заступніцтве акадэміка Лявона Арбелі ў лістападзе 1942 года вызвалены. Выйшаў з турмы ледзь жывым з мноствам хваробаў, якія напаткалі яго ў нечалавечых умовах зняволення. Выхадзілі і памаглі вярнуцца амаль з таго свету сваякі, у прыватнасці малодшая сястра Вольга. Вясной 1943 года, крыху акрыяўшы, Улашчык падаўся ў Казань да жонкі, кароткі час працаваў выкладнікам гісторыі ў мясцовай медычнай вучэльні. Потым па рэкамендацыі таго ж Арбелі прыехаў у Маскву ў аспірантуру.
У 1948 годзе выкладаў у Маскоўскім універсітэце. Але наперадзе былі новыя здзекі савецкай сістэмы. У 1949 годзе Улашчык звольнены з працы. Арыштаваны ў снежні 1950-га, этапаваны ў лагер пры пасёлку Суслава ў Сібіры. Вызвалены толькі ў сакавіку 1955 года. Вярнуўся ў Маскву. Да 1986 года працаваў навуковым супрацоўнікам Інстытуту гісторыі АН СССР. Фактычна большая частка яго дарослага жыцця прайшла ў чужынскіх гарадах, далёка ад родных мясцінаў.
Мікола Улашчык (у цэнтры) з беларускімі адраджэнцамі
Памёр Мікалай Улашчык 14 лістапада 1986 году ў Маскве. Спярша яго пахавалі на Міцінскіх могілках пад Масквой. Але вясной наступнага году парэшткі перавезлі і пахавалі на Чыжоўскіх могілках у Мінску побач з жонкай. На магіле выдатнага гісторыка валун з выбітым купалаўскім радком: “Мне сняцца сны аб Беларусі…”. Пастаўлены помнік Улашчыку і ў Старых Дарогах.
Беларускае Радыё Рацыя