“Палеская батлейка” па матывах Евангелля на драгічынскай гаворцы



Сямейны тэатр Аляксандра і Ларысы Быцко паказаў прэм’еру “Палескай батлейкі”, пастаўленай па матывах Евангелля на драгічынскай гаворцы ў перакладзе Фёдара Клімчука.

Ларыса Быцко, сама ўраджэнка Драгічынскага раёна, прызнаецца, што знаёмства з плёнам 15-гадовай працы перакладчыка і падштурхнула яе да стварэння новага батлеечнага спектакля.

– Я нарадзілася на вёсцы побач з тымі Сіманавічамі. І калі я пачала чытаць Евангелле, мне паказалася, што паўставалі ўсе мае продкі. І яны мне расказваюць гэтую гісторыю. Мне ніколі так лёгка не было чытаць Евангелее, як Евангелле на нашым заходне-палескім дыялекце.

Акрамя актораў Быцко, у стварэнні спектакля задзейнічаны шэраг творцаў. Калектыў сясцёр Лук’яновіч выступае падчас дзеі са спеўным акампанементам. За кулісамі спектакля стаяць рэжысёрка Тамара Тэвасян і народны майстар Іван Супрунчык, які зрабіў драўляныя лялькі персанажаў. Аздаблялі батлейку ў беларускім народным стылі выцінаншчыца Наталля Кулецкая і саломапляцельніца Ірына Коваль.

Алеся Лугавая, Беларускае Радыё Рацыя