Палеская вёска Мясяцічы мае свой цудадзейны абраз



У глыбінцы Палесся рыхтуюцца да ўнікальнага мясцовага свята. Вёска Мясяцічы, што ў 25 кіламетрах на поўдзень ад Пінска, 8-га ліпеня адзначыць “Дзесятуху”. Гэтае свята звязанае са з’яўленнем у 1893 годзе цудадзейнага абраза Мясяцічскай Божай Маці.

Kirdan7

Святыня захоўваецца ў старажытнай Параскева-Пятніцкай царкве. Настаяцель храма, іерэй Аляксандр Каляда распавёў гісторыю 120-ці гадовай даўніны:

– Як вядома, Маці Божая з’явілася на водах, калі нашыя аднавяскоўцы ехалі з Украіны па вадзе, спыніліся начаваць, раніцай абраз з’явіўся побач з адным з плытоў, і калі яго падабралі, то пабачылі, што гэта абраз Маці Божай. Гэта была дзясятая пятніца пасля Вялікадня, мы шанумем і святкуем гэтае з’яўленне абраза Божай Маці, які называем абразом Мясяцічскай Божай Маці.

Зафіксавана некалькі цудадзейных гісторый, звязаных непасрэдна з Мясяцічскай Божай Маці. Абраз захоўваецца ў кіоце, які вырабілі ў Нью-Ёрку ў 1929 годзе. Палешукі, якія выязджалі на заробкі ў Амерыку, выканалі наказ аднавяскоўцаў.

Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя