Паліна Качаткова прэзентавала кнігу “Гняздо-2”



У вёсцы Стаўры Аршанскага раёна на сядзібе “Пуцяціна” адбылася прэзентацыя кнігі Паліны Качатковай “Гняздо-2”. Кніга, выдадзеная ў выдавецтве “Галіяфы”, уключае аповеды аўтара з канца 80-х і па сёння.

1473127

Старшыня Саюза беларускіх пісьменнікаў Барыс Пятровіч адзначыў вартасці прозы Паліны Качатковай і заявіў, што пісьменнікаў з такім стылем у беларускай літаратуры зусім небагата.

– Думаю, што гэтая новая кніга яшчэ раз пацвердзіць, што Паліна цікавы творца, які піша вельмі надзённыя рэчы, але гэта не публіцыстыка, гэта проза, якая грунтуецца на асабістым жыцці, гэта каротная проза, якая робіцца вельмі сцісла, і якая прымушае думаць. Яе нельга чытаць проста як чытаюцца нейкія сюжэтныя кнігі. Такіх пісьменніц у нас не так шмат.

Аўтарка кнігі Паліна Качаткова напісала некаторыя апавяданні яшчэ ў канцы 80-х, але многія нідзе дагэтуль не друкаваліся. Пісьменніца распавяла і пра новыя творы, якія ўвайшлі ў кнігу “Гняздо-2”.

 – Аповесць пра Максіма Багдановіча пісалася ў 1995 годзе. Яна была надрукаваная ў часопісе “Бярозка” ў свой час. І астатнія апавяданні зусім раннія – гэта 87-88 год.  А таксама тыя тэксты, якія былі напісаныя пасля выхаду кнігі “Матылі”. Такім чынам я ў гэтай кнізе актуалізавала праблему нявыдадзеных твораў. Раннія апавяданні нідзе не былі надрукаваныя. Таксама ў кнізе я змясціла апошнія апавяданні, у тым ліку “Кватэра №0”.

На прэзентацыі высветлілася, што кнігі “Гняздо-1” ніколі не існавала, а “Гняздо-2” з’явілася ад назвы карціны, якую калісьці падараваў Паліне Качатковай мастак Сяргей Дзегцяронак.

[Not a valid template]

Кастусь Багушэвіч, Беларускае Радыё Рацыя, Стаўры

Фота з фэйсбука Паліны Качатковай