Паляшук, які прысвяціў жыццё барацьбе з Расейскай імперыяй
Імя пінчука не на слыху. Пра гэтага паплечніка Адама Чартарыйскага і Адама Міцкевіча даўно забыліся. Тым важней, з нагоды ягонага 225-годдзя, прыгадаць паляшука, які без сумневу кінуў выклік імперскай Расеі.
Юзаф Кашыц нарадзіўся ў 1795 годзе ў сям’і пінскага шляхціча. Бацькі з дзяцінства намагаліся стварыць умовы для развіцця сына, станаўлення светапогляду. Гэта і адбылося, але не зусім так, як хацелася бацькам. Юзаф занадта рана зразумеў, што яго родная зямля не вольная. На гэтай глебе ў сям’і расло непаразуменне. У 16-гадовым узросце пінчук накіраваўся ў Вільню, дзе з поспехам паступіў на матэматычны факультэт Віленскага універсітэта.
Грызці граніт навукі доўга не давялося. Ужо праз год пачалася вайна паміж Францыяй і Расеяй. Калі войскі Напалеона занялі большую частку літоўскіх і беларускіх зямель, 1 ліпеня 1812 года французскі імператар падпісваў указ аб аднаўленні ВКЛ. Неўзабаве Часовы ўрад Вялікага княства Літоўскага пад кіраўніцтвам Юзафа Сіракоўскага пачынае стварэнне вайсковых фармаванняў.
Кашыц кідае вучобу і паступае на службу ў 17-ты ўланскі полк Вялікага княства Літоўскага. На вайне 17-гадовы пінчук знаёміцца з Канстанцінам Дунінам-Раецкім. Нягледзячы на больш чым дваццацігадовую розніцу, яны сталі добрымі сябрамі, а ў недалёкай будучыні парадніліся. Дунін-Раецкі праявіў сябе адважным афіцэрам, прымаў удзел у баях на рацэ Беразіне і пад нямецкім горадам Гамбургам. Не адставаў ад старэйшага таварыша і Кашыц, які за годную службу атрымаў афіцэрскае званне.
Пасля паразы напалеонаўскіх войскаў, Юзаф і Канстанцін да 1815 года знаходзіліся ў эміграцыі. Пра тысячы беларусаў, якія сталі на бок французаў добра сказаў гісторык Леанід Несцярчук, аўтар кнігі пра падзеі 1812 года на беларускіх землях.
“Беларусь у вайне 1812 года займала асобае месца. Гэта быў перыяд, калі пасля паўстання Касцюшкі прайшло 16-гадоў і расейскія ўлады не паспелі русіфікаваць насельніцтва так, каб яно поўнасцю стала на бок Расейскай імперыі. Гэтае мясцовае несельніцтва, шляхта, магнаты яшчэ жылі тымі ідэямі — вольнасці і братэрства, што было да расейскай акупацыйнай улады. Безумоўна, беларускае насельніцтва стала на бок Напалеона. Яно чакала яго, як збавіцеля ад рускага іга. Ушаноўвала яго і гэта натуральна. Большасць народа стала на бок Напалеона і яна чакала аднаўлення сваёй краіны. І гэта было зроблена першым загадам Напалеона ад 1 ліпеня 1812 года, у Вільні быў падпісаны загад аб абнаўленні ВКЛ. Аб гэтым трэба гаварыць? Трэба. Гэта факт гісторыі, які вельмі важны. Мы ведаем, што Напалеон падпісаў гэты загад ва ўгоду сваім амбіцыям, сваім інтарэсам, каб папоўніць свае запасы, людскі рэсурс. Але гэта было!…”
У 1815 годзе з’явілася новая адміністрацыйна – тэрытарыяльная адзінка “Царства Польскае”, якое да 1917 года ўваходзіла ў склад Расейскай імперыі. Польшчу, пасля адступлення французаў, занялі расейскія войскі. Улічваючы той факт, што многія жыхары былой Рэчы Паспалітай імкнуліся адрадзіць страчаную дзяржаўнасць, імператар Аляксандр I пад ціскам Венскага кангрэса прыняў рашэнне стварыць Царства Польскае са сваёй Канстытуцыяй. Палякі атрымалі аўтаномію, права на выкарыстанне роднай мовы, свабоду рэлігій і кантраляваныя палітычныя правы, але наўзамен аб’яўляліся часткай адзінай імперыі.
Пасля гэтага кроку расейскай улады, на родную зямлю, як і сотні тысяч іншых суайчыннікаў, вярнуўся Юзаф Кашыц. Ён пасяліўся ў Навагрудскім павеце, дзе праз некалькі гадоў яго абралі маршалкам мясцовай шляхты. Пабрацім па зброі Канстанцін Дунін-Раецкі пасватаў Юзафу ў нявесты сваю дачку Сафію, якая валодала часткай бацькавых зямель. У 1828 годзе ў іх нарадзіўся сын Канстанцін, зразумела ў гонар каго назвалі дзіця. У Юзафа і Сафіі былі яшчэ двое сыноў Юліус і Кароль, але яны памерлі.
У лістападзе 1830 года Варшава паўстала супраць намера расейскага імператара Мікалая I паслаць польскіх жаўнераў на падаўленне рэвалюцыі ў Францыі і Бельгіі. За некалькі тыдняў паўстання расейскія войскі пакінулі не толькі Варшаву, але і ўсю Польшчу. У студзені 1831 года князь Адам Чартарыйскі ўзначаліў Польскі нацыянальны ўрад. Варшава імкнулася да незалежнасці, адраджэння Рэчы Паспалітай. Пачалася мабiлiзацыя на барацьбу з Расейскай імперыяй.
22 чэрвеня 1831 года Юзаф Кашыц заклікаў шляхту і ўсіх жыхароў Наваградскага павета брацца за зброю. Створаны ім атрад налічваў звыш тысячы паўстанцаў. Кашыц выбіў царскія войскі з мястэчка Беліца і Навагрудка. Заняўшы 22 ліпеня 1831 года павятовы цэнтр, вызваліў з турмы палітычных вязняў і адабраў зброю ў расейскіх жаўнераў. Зразумела, што сілы паўстанцаў былі няроўныя, утрымаць націск шматтысячнай рэгулярнай арміі было немагчыма.
Напрыканцы 1831 года Кашыц у другі раз пакінуў Радзіму выехаўшы ў Францыю, як паказаў час – назаўжды. Жонка Сафія і трохгадовы сын Канстанцін засталіся ў радавым маёнтку. Царскія ўлады абвясцілі палешука ворагам Дзяржавы першай катэгорыі.
У эміграцыі Кашыц зблізіўся з Адамам Чартарыйскім і Адамам Міцкевічам. Усе яны з’яўляліся актыўнымі ўдзельнікамі Літаратурна-навуковага таварыства, якое стварыў князь Чартарыйскі. Насуперак жаданням і імкненням прыехаць у Беларусь, паляшук памёр у Францыі, дзе і знайшоў адвечны спачын.
Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя