Паляванне чэкістаў на палескага „Ваўка”



Пяць гадоў савецкія органы бяспекі не маглі выявіць зусім не вялікую ўзброеную групу падпольшчыкаў, якая дзейнічала на беларускім Палессі. Упершыню ў зводках НКУС інфармацыя пра баявую адзінку «Воўк» Арганізацыі Украінскіх Нацыялістаў (АУН) з’явілася яшчэ ўлетку 1944 года, як толькі Чырвоная Армія выбіла нацыстаў і заняла Заходнюю Беларусь.

Здымак мае ілюстрацыйны характар, з кнігі Яраслава Антанюка «Украінскі вызваленчы рух у постацях кіраўнікоў. Валынская і Берасцейская вобласць (1930-1955)». 

Узгаданая група антысавецкіх падпольшчыкаў дзейнічала на тэрыторыі Столінскага раёна тагачаснай Пінскай вобласці БССР. Ёй кіраваў мясцовы жыхар, ураджэнец вёскі Радчыцк Міхаіл Іванавіч Рагавы па мянушцы «Воўк». Працяглы час Рагавы ўваходзіў у падраённую арганізацыю АУН-УПА Гната Кузло, якая пераважна дзейнічала ў Дубровіцкім раёне Ровенскай вобласці УССР. Час ад часу Гонтаўцы, Кузло меў мянушку «Гонта», з’яўляліся і на Століншчыне. 28 верасня 1948 года Кузло быў забіты, але ўжо да таго часу Рагавы меў асобны атрад і ўзначальваў падраённы провад АУН-УПА. Украінская Паўстанцкая Армія з’яўлялася ўзброеным крылом АУН.

Трэба адзначыць, што ўкраінскія нацыяналісты мелі асобны тэрытарыяльна падзел. Па стане на лета 1945 года тэрыторыя па лініі Берасце-Кобрын-Драгічын-Пінск-Давыд-Гарадок уваходзіла ў структуру УПА, якая называлася «УПА-Поўнач». У сваю чаргу гэтая тэрытарыяльная адзінка дзялілася на некалькі вайсковых акругаў. Так беларускія землі па лініі Берасце-Кобрын-Драгічын-Янава ўваходзілі ў вайсковую акругу «Кодак», а Піншчына дзялілася на дзве вайсковыя акругі: «Балота» ды «Гало». Вайсковыя акругі дзяліліся на раёны і падраёны, якія складаліся з 3-5 вёсак. Варта сказаць, што дзеячы ўкраінскага нацыянальна-вызвольнага руху яшчэ з пачатку ХХ стагоддзя мелі свае погляды на беларускую частку Палесся. У тым жа 1917 годзе аб’явілі гэтыя тэрыторыі землямі Украінскай Народнай Рэспублікі, а калі праз паўгады паўстала Беларуская Народная Рэспубліка, то спрабавалі знайсці кампраміс, але пры гэтым актыўна фармавалі свае дзяржаўныя і грамадскія інстытуцыі на Палессі. У 1941 годзе ўзгаданыя тэрыторыі нацысты ўключылі ў райхскамісарыят «Украіна».

Улетку 1949 года Упраўленне МДБ (Міністэрства дзяржаўнай бяспекі) па Пінскай вобласці давала такую характарыстыку антысавецкай групе «Воўка»: «Бандай на працягу працяглага часу (да 5 гадоў) здзейсненыя тэрарыстычныя акты супраць савецкіх і партыйных работнікаў, вайскоўцаў органаў МУС-МДБ, напады на сельсаветы, калгасы… Банда «Воўка» складаецца з людзей, якія маюць дастатковы вопыт барацьбы пры сутыкненні з войскамі, акажа ўпарты супраціў. Банда ў раёнах базавання мае шырокую базу памагатых і інфармацыйную сетку…». На апошні факт трэба засяродзіць асаблівую ўвагу. Менавіта тое, што мясцовае насельніцтва дапамагала падпольшчыкам, антысавецкі рух на Палессі існаваў ажно да сярэдзіны 1950-х гадоў. Таксама чэкісты падрыхтавалі статыстыку гучных акцый грыпы «Воўк» у Столінскім раёне за першае паўгоддзе 1949 года. Выдзялілі пяць аперацый. 4 лютага на хутарах у раёне вёскі Фядоры забілі старшыню сельсавета і аднаго мясцовага жыхара з ліку сельскага актыву. 27 сакавіка ў вёсцы Асаўцы была забітая ўся сям’я з шасці чалавек, мясцовага партыйнага актывіста. Уначы 23 красавіка ў вёсцы Магільнае забілі старшыню калгаса, ягоную жонку, сакратара камсамольскай арганізацыі калгаса і паранілі загадчыка хатай-чытальняй (прататып бібліятэчкі). Увечары 9 чэрвеня на дарозе Лапаціна-Фядоры здзейснілі напад на аўтамашыну Пінскага аблмаслапрама (абласны трэст масласыраробнай прамысловасці), у выніку чаго быў забіты шафёр і паранены інжынер маслапрама. Пад вечар 25 чэрвеня Рагавы разам з паплечнікамі з’явіўся на сенакосе каля вёсцы Дубай. Для калгаснікаў, якія знаходзіліся на сенакосе яны ўчынілі суд над дырэктарам мясцовай школы і намеснікам старшыні калгаса. Абодвух расстралялі.

Бадай забойства дырэктара школы і аднаго з кіраўнікоў дубайскага калгасу стала апошняй кропляй. Чэкісты пачалі распрацоўваць аперацыю па ліквідацыі баявой адзінкі «Воўк» Арганізацыі Украінскіх Нацыялістаў (АУН). Напрыканцы чэрвеня 1949 года план быў гатовы, цяпер заставалася яго рэалізаваць. Аперацыю па ліквідацыі Рагавога трымалі ў поўнай таямніцы, бо «наяўнасць у банды памагатых і шырокай сеткі інфарматараў» патрабуе ўтоенай канцэнтрацыі войскаў. Так і зрабілі.

Уначы 23 ліпеня 1949 года Аператыўна-вайсковая група МДБ Пінскай вобласці атачыла месца хованкі (схрону) «Ваўкоў» у ваколіцах вёскі Відзібор. У 4 гадзіны раніцы чэкісты прапанавалі падпольшчыкам здацца, але ў адказ прагучалі стрэлы. Завязаўся бой у ходзе якога Міхаіл Рагавы «Воўк» і сем ягоных паплечнікаў загінулі.

Ранейшыя публікацыі, прысвечаныя антысавецкай партызанцы на беларускім Палессі: «Адмовіліся падпісаць падзяку Сталіну і не толькі…».

Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя