„Паляванне на Радзівілаў”



Фільм з такой назвай быў прэзентаваны ў Варшаве ў Музеі Незалежнасці. У стужцы распавядаецца пра ўладальнікаў Нясвіжскага замка ў ХХ стагоддзі, а таксама пра тое, як з імі змагаліся камуністы і які лёс іх у выніку напаткаў.

Пра магнатаў у ХХ стагоддзі, а таксама пра іх адносіны да беларускасці карэспандэнт Беларускага Радыё Рацыя пагутарыў з аўтарам сцэнару, кандыдатам гістарычных навук Ігарам Мельнікавым.

РР: Спадар Ігар, Радзівілы – род вельмі знаны і за часы незалежнасці Беларусі стаў у нас вядомы. Але перш за ўсё ён асацыюецца з Мікалаем Радзівілам Чорным ці Мікалаем Радзівілам Рудым, з XVI стагоддзем. У вашым фільме ідзе гаворка пра тое, як савецкія агенты палююць на Радзівілаў. Чаму пра гэта амаль ніхто не ведае?

Ігар Мельнікаў: Сапраўды, гісторыя ХХ стагоддзя, гісторыя Заходняй Беларусі ў складзе ІІ Рэчы Паспалітай – гэта зусім невядомая гісторыя. Нашыя гісторыкі займаліся нейкімі аспектамі тых падзей, але вось ключавыя моманты ці нейкія цікавыя моманты, звязаныя з вераснёўскай кампаніяй 1939 года, ці з жыццём магнатаў, якія маюць непасрэднае дачыненне да Беларусі, гэтыя аспекты выпалі. Зараз менавіта вяртаецца цікавасць да гісторыі Заходняй Беларусі ў міжваенны час і да гісторыі такіх ключавых асоб.

У нашым фільме мы распавядаем пра Альбрэхта Радзівіла і Леона Радзівіла – перадапошняга і апошняга ўладара Нясвіжскага замка. Мы атрымалі Нясвіжскі замак менавіта ад гэтых людзей. Вядома, былі войны, прыходзілі розныя акупанты, але менавіта гэта апошнія гаспадары замка –  не Радзівіл Рыбанька, не Радзівіл Чорны.

Уся гэтая гісторыя гэтых людзей, гісторыя іх жыцця – гэта вельмі цікавыя старонкі, якія варта было б распавесці, тым больш, што з імі звязаныя яшчэ і шпіёнскія жарсці.

РР: Савецкая прапаганда расцэньвала магнатаў як польскіх паноў, памешчыкаў, прыгнятальнікаў рабочага класа. Скажыце, якая насамрэч была іх самаідэнтыфікацыя, ці мелі яны нейкія адносіны да беларускасці і беларускага нацыянальнага руху?

Ігар Мельнікаў: Рэч у тым, што, безумоўна, гэта была шляхта, гэта была вышэйшая варства менавіта грамадства, але разам з тым, яны вельмі цесна звязвалі сябе менавіта з гэтай зямлёй. Альбрэхт Радзівіл, перадапошні ўладар Нясвіжскага замка, падтрымліваў Рамана Скірмунта, калі той змагаўся за Беларускую Народную Рэспубліку. Ён ездзіў па еўрапейскіх краінах, быў у Германіі, каб знайсці падтрымку менавіта для беларускай незалежнай дзяржавы. Гэты момант варта памятаць і варта падкрэсліваць нам, сучасным беларусам.

Разам з тым, безумоўна, яны сябе асацыявалі як магнатэрыю ІІ Рэчы Паспалітай. Яны былі багатымі людзьмі, і мясцовае насельніцтва, безумоўна, называла іх панамі, але гэтыя паны давалі працу, давалі магчымасць зарабіць гэтым сялянам, падтрымлівалі іх, і пра гэта распавядаюць сведкі гісторыі, старыя людзі ці іх блізкія, яны распавядалі, што калі добры гаспадар быў, ён клапаціўся пра простых людзей і даваў магчымасць ім працаваць і зарабляць. І гэты зусім не ўпісваецца ў тую тэзу, створаную савецкай гістарыяграфіяй пра тое, што паны былі кравапіўцамі.

РР: У Вашым фільме ідзе гаворка пра замахі, якія ажыццяўляліся на жыццё магнатаў у міжваеннай Заходняй Беларусі, таксама пра розныя тэрарыстычныя акцыі кшталту падрыву чыгункі. Хто займаўся такімі дзеяннямі, хто каардынаваў іх?

Ігар Мельнікаў: Напачатку 1921 года, калі скончылася савецка-польская вайна, Савецкая Расея не пагадзілася з Рыжскай мяжой і спрабавала выклікаць у Заходняй Беларусі рэвалюцыйную сітуацыю дзеля таго, каб адарваць гэтую тэрыторыю і правесці новы перадзел сфераў уплыву ва Усходняй Еўропе. Гэтым актыўна займаліся савецкія дыверсанты, такія людзі, як Арлоўскі, Ваўпшасаў. Гэтыя людзі былі спецыялістамі сваёй справы, яны былі добра падрыхтаваныя ў вайсковым плане, а таксама ў ідэалагічным сэнсе. Безумоўна, сітуацыя ў Заходняй Беларусі была цяжкая, і там неадназначна было ўсё ў тыя 20-ыя гады. Пакуль не было добрых вайсковых структур, памежнай старожы, палякі не маглі навесці там парадак, у сваю чаргу дыверсійныя элементы, якія дзейнічалі па лініі актыўнай разведкі, спрабавалі там сітуацыю дэстабілізаваць.

РР: Такая заўвага: Канстанцін Арлоўскі, пра яго можна прачытаць у школьных падручніках як пра вядомага савецкага партызана, потым старшыню калгаса, у той жа час мала што пішуць пра яго дзейнасць у міжваенны перыяд. Напрыклад, мала хто ведае, што ён быў чэкістам і кіраваў траўляй Альбрэхта Радзівіла. У 1939 годзе ў Заходнюю Беларусь прыходзяць бальшавікі, у Нясвіжы ў той час быў князь Лявон Радзівіл. Які лёс напаткаў яго і сям’ю?

Ігар Мельнікаў: Лявон Радзівіл – гэта ўвогуле цікавая асоба, пра якую ў Беларусі да апошняга часу не пісалі. Гэты чалавек трапіў у рукі НКУС, яго вывезлі – спачатку ў Менск, потым – у Маскву, дзе ён знаходзіўся ў турме на Лубянцы. Гэта вельмі цікавая гісторыя, бо за яго заступіліся італьянцы. Італьянская каралеўская сям’я ўратавала сям’ю Лявона Радзівіла. У гэтай справе таксама ўдзельнічаў Мусаліні. Ёсць такое меркаванне, што нават Лявона Радзівіла абмянялі на Пальміра Тальяці, італьянскага камуніста. Гэтая ідэя да канца непацверджаная, але менавіта ўмова паміж італьянскім бокам і ўрадам Савецкага Саюза дала магчымасць Лявону Радзівілу пакінуць Маскву і вызваліцца з савецкага арышту.

РР: Як сучасныя Радзівілы, якія жывуць цяпер, ацэнваюць тое, што мы, беларусы, уключаем іх у спіс беларускіх родаў?

Ігар Мельнікаў: Напрыклад, я маю добрыя стасункі са спадаром князем Мацеем Радзівілам, які для мяне з’яўляецца ідэалам у сэнсе чалавечым, з’яўляецца прыкладам беларускай магнатэрыі, магнатэрыі ВКЛ. Яны вельмі добра ставяцца да таго, што ў Беларусі пачынаецца разуменне таго, што гісторыя ВКЛ – гэта гісторыя Беларусі, і што магнатэрыя ВКЛ – гэта частка беларускай гісторыі. “Называйце нас тутэйшымі, называйце беларусамі,” – неаднойчы паўтараў спадар князь Мацей Радзівіл. Для яго гэта гонар, і для нас таксама вялікі гонар, што гэтыя людзі лічаць сябе часткай нашай беларускай гісторыі.

[Not a valid template]

Адам Завальня, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара