“Палявая пошта” – гісторыя Беларусі ў фотаздымках
Філакартыя – так называецца калекцыянаванне і вывучэнне паштовак. Асаблівую цікавасць калекцыянера Паўла Хлюста займаюць паштоўкі, прысвечаныя яго малой радзіме – Баранавічам і Баранавіцкаму краю.
Але пад увагай Паўла – паштоўкі з відарысамі і іншых беларускіх мясцін. Відарысы для іх рабілі фотакарэспандэнты і мастакі падчас расейскай, нямецкай ды польскай акупацый; а жаўнеры, якія знаходзіліся тады на беларускіх землях, набывалі гэтыя паштоўкі ды адсылалі дамоў. У чым асаблівасць такіх паштовак? Падрабязней — у размове з нашым „Госцем Рацыі”.
РР: Павел, сваёй цікавасцю (у тым ліку паштоўкамі са сваёй калекцыі) ты дзелішся на сваім уласным тэлеграм-канале “Палявая пошта”. І там часта ты робіш такія пасты, дзе з аднаго боку — паштоўка з відэарысам нейкай беларускай мясціны падчас яе акупацыі, а з іншага боку — фота той жа самай мясціны, але ўжо сучаснае. Калі агулам, то вялікія атрымліваюцца адрозненні?
Павел Хлюст: Так, і ў тым была ідэя — паказаць, як яно выглядае зараз. Бо з паштоўкі часцей за ўсё няшмат захавалася. Зноўку ж, гэта перыяд Першай сусветнай, а шмат чаго ў Беларусі было зруйнавана больш хіба саветскай уладай, і вялікая частка — ў Другую сусветную немцамі падчас бамбардзіровак. Таму вельмі цяжка пазнаць сучасныя месцы без фотапараўнання.
РР: Давай паспрабуем пагаварыць пра некаторыя паштоўкі, якія ў цябе зараз ёсць фізічна, у калекцыі.
Павел Хлюст: Гэтая паштоўка з Гародні. Яна каляровая — і вось гэтыя каляровыя паштоўкі выдаваліся менавіта для польскіх частак нямецкай арміі. І таму яны сустракаюцца трошку радзей, бо асноўная частка ўсё ж чорна-белыя. На гэтай паштоўцы можна пабачыць Стары замак — той самы, які зараз аднаўляецца. Зараз жа ён на рэканструкцыі, і шмат у каго ёсць пытанні накшталт яе навуковай дакладнасці. Але дзякуючы паштоўцы мы можам у тым ліку пабачыць гэты Стары замак і наваколле, каб зрабіць неякія свае высновы.
РР: І канешне, на адваротным баку гэтай паштоўкі нейкі нямецкі жаўнер нешта напісаў сваім сваякам — і мы не можам гэтага прачытаць, так?
Павел Хлюст: Так, на вялікі жаль, гэта могуць прачытаць толькі самі немцы — і немцы старыя, бо ўжо пасля Другой сусветнай вайны ў Нямеччыне памянялі шрыфт. І я пытаўся ў сваіх сяброў, маіх аднагодак з Нямеччыны — яны не змаглі гэта прачытаць самі. Мне пашчасціла перакласці толькі две паштоўкі з Баранавічамі — але гэта [пераклала] бабуля майго сябра.
РР: Наступная паштоўка — маляваная (то бок не здымак фотарэпарцёра, а — менавіта замалёўка нейкага мастака). Што на ёй?
Павел Хлюст: Нейкая вёсачка каля Ясельды — гэта Пінскі раён. Унізе паштовачкі мы бачым подпіс “Schlimann” і дату “1915 год”. Пэўна, гэта жаўнер той вайсковай адзінкі, якая стаяла побач. І вось гэтыя франтавыя журналісты ў тым ліку рабілі такія замалёўкі ў свае выданні. Мы тут бачым беларускую хату тых часоў: гэта печ, гэта абразы святых. Мы таксама бачым хатнюю жывёлу — і гэтае апісанне можна сустрэць у беларускіх пісьменнікаў. Напрыклад, у таго ж Зарэцкага я сустракаў такія радкі, што ў хаце і гусь, і парсючок, і можа быць нейкая хатняя птушка — тое ж самае мы бачым і на гэтай паштоўцы. І мастак так вельмі дасціпна гэта перадаў. Мы бачым, што парсюк тут пасміхаецца гледачу.
РР. У сваім тэлеграм-канале “Палявая пошта” ты выстаўляеш выявы паштовак з Беларусі, калі яна была пад расейскай, польскай і нямецкай акупацыямі. А тут можна нейкія параўнанні правесці? Пад адной акупацыяй былі адныя паштоўкі, пад другой — іншыя…
Павел Хлюст: Сюжэты будуць адрознівацца у немцаў і польскіх выдавецтвах. У польскіх часцей можна сустрэць нейкія цывільныя будынкі адміністрацый, вакзалы — хоць, праўда, і ў немцаў таксама было іх багата. Але ж не будзе гэтых занядбаных будынкаў ці вуліц, якія мы часам можам пабачыць на нямецкіх паштоўках. І меней іх будзе ў этнаграфічным плане. Бо, пэўна, польскі бок на той момант не хацеў вылучаць беларусаў у нейкую там асобную этнаграфічную адзінку. А немцы спакойна сабе падпісвалі ці Weißrussische — “беларускія”, ці сустракаюццы такія подпісы як Russische-Polen — калі не маглі вызначыць, ці Russische-Litauen — “нешта паміж Расеяй і Літувой”. Такія надпісы сустракаюцца на паштоўках, але то — тэрыторыя Беларусі. І беларусы ці габрэі таксама часта траплялі на сюжэты.
РР. Яшчэ адна паштоўка, на якую мы звярнулі ўвагу з тваёй калекцыі — гэта паштоўка “Брэст-Літоўск”
Павел Хлюст: Зруйнаваны вакзал, гэта яшчэ Першая сусветная вайна. І я з гэтым сустрэўся ўпершыню, калі пачаў збіраць свае баранавіцкія паштоўкі, а потым зразумеў гэтую логіку: калі расейскія войскі адступалі ў 1915 годзе, то знішчалі аб’екты інфраструктуры —воданапорныя вежы, вакзалы, шляхі злучэння і так далей. І вось мы бачым [на гэтай паштоўцы] ужо зруйнаваны расейскім войскам вакзал у Берасці, і тая ж гісторыя будзе і ў Баранавічах, дзе за часамі расейскай імерыі пабудавалі адзін з самых дарагіх і прыгожых вакзалаў — але ў Першую сусветную яго знішчылі. Чым цікавыя Берасце, Гародня, Пінск — з уласнага досведу скажу, што гэта самыя багатыя на паштоўкі гарады. І зараз там ёсць што паглядзець турыстам, а на той час гэтага было яшчэ болей.
Ёсць планы выводзіць ініцыятыву “Палявая пошта” на болей якасны ўзровень як такую пляцоўку, дзе можна пабачыць Беларусь тады і сёння. Хацелася б пашыраць базу валанцёраў — а на канале ёсць валанцёры, якія ў сваім месцы, ва ўмоўнай Гародні, гуляюць па горадзе і робяць выявы.
РР: Каб іх потым параўноўваць з тымі выявамі з паштовак?
Павел Хлюст: Так, і гэта цікава самім валанцёрам — бо гэта не нейкія абазнаныя ў тэме гісторыкі, а проста людзі самых розных прафесій, і ім цікава нават пачытаць пра свой горад, пра сваё месца, знайсці яго – і таксама паказаць іншым, тым самым папіярыць яго.
Цалкам гутарка ў далучаным файле:
Беларускае Радыё Рацыя