Памятны камень у гонар акадэміка Карскага адкрылі ў вёсцы Мігова
Памятны камень у гонар акадэміка Яўхіма Карскага, аўтара фундаментальнай працы „Беларусы” ўрачыста адкрылі ў вёсцы Мігова, Гарадзенскага раёна.
Гэты камень згадвае, што тут на лецішчы спыняўся славуты акадэмік. Для выканання задумы па ўвекавечанні яго памяці, сябра нацыянальнай Рады ТБМ Алесь Крой удала супрацоўнічаў з мясцовымі жыхарамі і мясцовымі ўладамі Абухаўскага сельскага Савета. Згадвае пра акалічнасці стварэння памятнага знаку Алесь Крой:
– Мы зрабілі першы чын гэтай справы. Дамовіўся са сваімі гарадзенскімі сябрамі, і яны знайшлі ў сваіх працоўных календарах пару дзён, прыехалі, выкапалі траншэю ў выглядзе прамакутніка – гэта Віталь Карнялюк, Янка Курчэўскі, Сяргей Амелька, якія шчыра адгукнуліся дапамагчы зрабіць з валуноў, цэментнага раствору п’едэстал для памятнага знаку. Столькі прозвішчаў мне трэба пералічыць.
Надпіс выканаў гарадзенскі скульптар Уладзімір Панцялееў, а кансультацыю па кампазіцыі мемарыяльнага каменя даў мастак-каваль Юрась Мацко. Гэты знак беларускай памяці цяпер стаіць ля самай дарогі ў вёсцы Мігова. Недалёк ад яго – мемарыяльны аўтобусны прыпынак, дзе ўказаны мясцовыя славутасці. А адна з вуліц садовага таварыства ў Мігове носіць імя Яўхіма Карскага.
Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя