Памятны знак Уладзіміру Дубоўку адкрыюць на радзіме паэта
Міжнародны фестываль народнай музыкі „Звіняць цымбалы і гармонік” 8 чэрвеня пачаўся ў Паставах.
Трохдзённы фестываль, які прысвечаны Году малой радзімы, стане самым насычаным і разнапланавым за ўсе гады. У ім прымуць удзел аматарскія ансамблі народнай музыкі, інструментальныя групы, фальклорныя інструментальныя калектывы і індывідуальныя выканаўцы на народных музычных інструментах з усіх абласцей Беларусі і пяці замежных краін – Расіі, Латвіі, Літвы, Эстоніі і нават далёкай Індыі. У бягучым годзе фестываль пройдзе пад дэвізам „Дуда – покліч часу”.
„Удзельнікамі мерапрыемстваў стануць каля 400 чалавек. Як ніколі задзейнічана шмат пляцовак – больш за дзесяць у горадзе і пяць у вёсках і ў аграгарадках. Чырвонай ніткай праз усе фестывальныя мерапрыемствы пройдзе тэматыка малой радзімы, землякоў, сваіх каранёў. Будзе адкрыты памятны знак ураджэнцу Пастаўшчыны паэту Уладзіміру Дубоўку ў яго роднай вёсцы Агароднікі.
Акрамя таго, у гэтым годзе адсвяткуем 30-гадовы юбілей Груздаўскага цымбальнага аркестра, ад якога пачаўся фестывальны рух”, – расказалі ў райвыканкаме.
Пачнецца фестываль з літаратурнага свята і прэзентацыі трох выданняў: песеннага зборніка з творчасцю пастаўскіх кампазітараў і паэтаў, даведніка „Гонар нашага краю” пра вучоных-землякоў, а таксама зборніка гістарычных матэрыялаў пра Пастаўшчыну на гісторыка-культурнай карце Беларусі. З канцэртам выступіць Нацыянальны акадэмічны народны аркестр Беларусі імя І. Жыновіча. Запланаваны розныя конкурсы, выстаўкі, тэатралізаваны паказ, канцэрты аматарскіх і прафесійных калектываў, ваеннага духавога аркестра. Будзе працаваць творчая лабараторыя па пытаннях развіцця народнай творчасці, пройдзе вогненнае шоу. Для моладзі арганізуюць забаўляльную праграму з удзелам лепшых дыджэяў вобласці. Па традыцыі свята завершыцца гала-канцэртам.
За ўсю гісторыю фестывалю ў творчым спаборніцтве прымалі ўдзел каля 9 тыс. музыкантаў. На форуме выступалі прадстаўнікі больш як 20 краін. З 1992 года ён мае статус міжнароднага.