Памятны знак з нагоды пагаднення 1392 года
17 верасня на Лідчыне на трасе М-6 устанавілі памятны знак з нагоды Мірнага пагаднення 1392 года паміж каралём польскім і вялікім князем літоўскім Ягайлам ды яго жонкай каралевай Ядвігай з аднаго боку і князем Гарадзенскім Вітаўтам ды яго жонкай Ганнай, якое было падпісана недзе кіламетраў за 6-8 ад гэтага месца ў двары Востраў.
Па рацэ Дзітва праходзіла мяжа паміж уладаннямі Ягайлы і Вітаўта. Двор Востраў стаяў на адлегласці з паўкіламетра ад Дзітвы ва ўладаннях Ягайлы, а знак пастаўлены недзе за тыя ж паўкіламетра ад Дзітвы ва ўладаннях Вітаўта.
Ідэя ўстаноўкі знака, як сімвала адзінства нашага народа, належыць Лідскаму райвыканкаму. Знак мусіць падкрэсліваць той факт, што Востраўскае пагадненне паклала канец грамадзянскай вайне на тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага, забяспечыла адзінства ў Княстве, дало магчымасць праз 18 гадоў разграміць Тэўтонскі ордэн пад Грунвальдам і стварыць найбуйнешую дзяржаву ў Еўропе.
На вялікі жаль, тэкст на шыльдзе напісаны на расейскай мове.
Аксана Шпак, Беларускае Радыё Рацыя, Лідскі раён
Фота аўтара