Памятныя манеты „Шлях Скарыны” прэзентуе Нацыянальны гістарычны музей



Памятныя манеты серыі „Шлях Скарыны” прэзентуе Нацыянальны гістарычны музей Беларусі 25 студзеня, паведамілі БЕЛТА ў музеі.

Нумізматычны камплект, прысвечаны 500-годдзю беларускага кнігадрукавання, – дар музею Нацыянальнага банка Беларусі. Манеты серыі „Шлях Скарыны” былі выпушчаныя ў абарачэнне ў 2015-2017 гады. На іх прадстаўлена шэсць гарадоў, цесна звязаных з жыццём і дзейнасцю беларускага першадрукара: Полацк, Кракаў, Падуя, Венецыя, Прага, Вільня.

Адчаканены на манетах таксама знакі і сімвалы, якія ўвасабляюць сутнасць іх сувязі з асветнікам. Да прыкладу, на манеце з праскай тэматыкай як сімвал Прагі і знак найвышэйшага ўздыму творчых сіл Скарыны змешчана выява знакамітага ратушнага гадзінніка „Арлой”.  Прадстаўлена і сама Кніга кніг у мастацкай і тэкставай інтэрпрэтацыі Скарыны: паказаныя прыгажосць шрыфтоў, разнастайнасць гравюр, вытанчанасць дэкору.

Выклікае здзіўленне, як шмат інфармацыі можа змясціць невялікая паверхня манеты. Манеты юбілейнай серыі чаканіліся на Літоўскім манетным двары прафесіяналамі найвышэйшай кваліфікацыі. Скарыстаная імі тэхналогія аксідавання амаль ручная: кожная манета нясе адбітак унікальнасці.