Памяці Анатоля Шушко



У Пінску развіталіся з Анатолям Іванавічам Шушко (19.07.1954-08.11.2018). Ён назаўжды застанецца гонарам Пінскага краю, паэтам, які шчодра аздобіў беларускую літаратурную палічку. Нездарма ж кажуць, што творцы не паміраюць – іхняе існаванне не мае фізічнага вымярэння. Мы страцілі не паэта, а жыццярадаснага палескага хлопца, сваяка, сябра… Чалавека. 

Напрацягу апошняга года Анатоль Шушко змагаўся з цяжкай хваробай, якая бязлітасна паглынала, але не здолела згасіць у ягоных вачах той незабыўны агмень моцы. Разумеючы непазбежнасць гэтага моманту, паэт не адыйшоў ад актыўнага грамадска-культурнага жыцця. Ён удзельнічаў, як у агульнаначыянальных мерапрыемствах – Дзень пісьменства ў Янаве, так і на рэгіянальным узроўні – ўрачыстасці з нагоды надання статусу “Народны” літаратурна-краязнаўчаму музею Якуба Коласа ў Пінкавічах. Шушко застаўся верны дывізу “хачу да апошняга напіцца словам”.

Пасля “Каласавін” у Пінкавічах, 4 лістапада 2017 год.

З нагоды 60-годдзя Анатоля Шушко, Беларускае Радыё Рацыя зрабіла з літаратарам невялікую, але змястоўную гутарку. Суразмоўца шчыра прыгадвае лёс, пройдзены шлях. У хвіліну смутку, тая размова ізноў здабыла актуальнасць.

Пра маці і асяроддзе. Уплыў маці абумовіў стаўленне да беларускай культуры, мовы і літаратуры. На парозе дома я чуў палескі говар, а маці размаўляла са мною толькі па-беларуску. Першы верш “Вось узнялася страляніна, гайдукі цягнуць селяніна” напісаў на беларускай мове. Спрабаваў пісаць па-руску, былі такія моманты, але яшчэ ў школьныя гады. Усё ж роднае слова ўзяло верх. На мой прыход да беларускасці таксама паўплываў аднавясковец, сусед, а цяпер ужо даволі вядомы паэт і журналіст Мікола Антонаўскі. Фарміраванне асобы ў цэлым адбывалася праз знаёмства з беларускай літаратурай.

“Каласавіны” ў Пінкавічах: літаратар Анатоль Шушко і навукоўца Вольга Козіч, 4 лістапада 2017 год.

Дэбют і вучоба. У 1960-я гады на беларускім тэлебачанні была літаратурна-драматычная перадача “Крылы”, якую вёў Уладзімір Аніськовіч. Добрая, а галоўнае – карысная перадача, цяпер такіх няма. Першыя творы пасылаў у рэдакцыю, нешта праходзіла. Вядома, зарад атрымліваў каласальны. З выбарам, кім быць, вызначыўся без асаблівых ваганняў. У 1971 годзе стаў студэнтам філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага універсітэта. У гэтым жа годзе пры падтрымцы Варлена Бечыка, тады літаратурнага супрацоўніка рэдакцыі газеты “Літаратура і мастацтва” і літаратурнага часопіса “Нёман”, з’явілася падборка маіх вершаў у “ЛіМе”. Варлен Бечык вывеў у свет, за што яму бязмежна ўдзячны і абавязаны.

Аднойчы на іспыце па народным фальклоры, які прымаў ужо тады вядомы Ніл Гілевіч, адбыўся забаўны інцыдэнт. Ніл Сымонавіч слухае мяне ўважліва і пытаецца: “Якія народныя песні ведаеш?”. Падумаў, успомніў нашы, мясцовыя і адказваю: “Іванка, ты Іванка!”. Гілевіч пачаў падпяваць, цэлы куплет праспявалі і яшчэ патрабуе. Ужо я не разгубіўся і выдаю: “Была мене маты березовым прутом, щоб я не стояла з молодым рэкрутом”. Гілевіч таксама на ляту падхоплівае і яшчэ просіць песню. Я ўжо сапраўды разышоўся і ад усёй душы зацягваю: “Ой оралы хлопцы ныву, выорали ярмо”… Ніл Сымонавіч задаволены адказвае: “Давай залікоўку. Калі б ты мне праспяваў пра тое, як Ясь канюшыну касіў, то пяць разоў іспыт здаваў”. А ўсё чаму: тады гэтая песня з кожнага кутка, з кожнага праса звінела.

На творчым вечары паэтэсы Марыі Кобец, Пінск, 21 сакавіка 2016 год.

Сціплы Толя Шушко. Амбіцыі былі, мары былі, але замінала сарамлівасць. Успамінаю таго Толю Шушко, 17-гадовага палескага хлопца, аж сорамна неяк. Дзве гадзіны мог стаяць пад дзвярыма, каб зайсці ў кабінет да рэдактара аддзела паэзіі часопіса “Маладосць” Мікалая Аўрамчыка… Хацелася, як зямлячка Яўгенія Янішчыц або Алесь Разанаў, выпусціць першую кнігу вершаў у студэнцкія гады, але лёс распарадзіўся інакш. У гэтым сэнсе дэбют адбыўся ў 1994 годзе, калі святло ўбачыў мой першы зборнік паэзіі “Выток і прычасце”.

Першая кніга паэзіі магла з’явіцца значна раней, у пачатку 1980-х гадоў. Тады прыехаў у Каралішчавічы, што пад Менскам. У гэтай вёсцы быў Дом творчасці, дзе маглі жыць і працаваць і пачаткоўцы літаратары, і майстры Саюза пісьменнікаў БССР. Хто там толькі не быў: Уладзімір Арлоў, Алег Мінкін, Уладзімір Мазго, Уладзімір Ягоўдзік, Васіль Сахарчук, Мікалай Мятліцкі і цэлая абойма сучасных беларускіх аўтараў. Асабістае жыццё складвалася інакш, пакінуў той край…

Анатоль Шушко на творчай імпрэзе Марыі Кобец, 21 сакавіка 2016 год.

Пра сяброўства з Тарасюк і Янішчыц. Пашчасціла быць земляком такіх паляшучак і мець сяброўскія адносіны. Праславілі наш край і, паверце, адкрыццё іх спадчыны яшчэ наперадзе. Не ўсё робіцца адразу, неабходны час. Яўгенія Янішчыц для многіх стала прыкладам, крокам да літаратуры. Многія палешукі сталі яе паслядоўнікамі, дакрануліся да паэзіі. Люба Тарасюк, ох разумніца. Таксама цяжкая доля выпала, як і у Жені. Рана пакінулі нас. Люба была адной з любімых студэнтаў ў Ніла Гілевіча. Ён і Васіль Быкаў ёй дапамагалі, разам ездзілі на навукова-практычныя канферэнцыі агульнасавецкага маштабу ў Маскву. Прадстаўлялі беларускую культуру. Колькі яна напісала навуковых прац! Вывучала беларускасць, больш зрабіла для айчыннай навукі, але ў літаратуры таксама сваю зорку запаліла.

Трэба, каб мы не забывалі такіх людзей, як Яўгенія Янішчыц і Любоў Тарасюк. Створанае імі ўжо здабыла вечнасць, але памяць павінны захоўваць, павінны ганарыцца і ўсяляк папулярызаваць.

Выступ Анатоля Шушко ў Пінскай раённай бібліятэцы, 24 лютага 2017 год.

Думкі пра мову.  Вядома, цяжкавата ў нашым рэгіёне з беларускай мовай, але многія палешукі, самі таго не ўсведамляючы, з’яўляюцца яе носьбітамі. Да мовы проста няма ўвагі, нібы дэманстратыўна адвярнуліся, а сама яна ў нас. Усе размовы пра смерць беларускай мовы – глупства, можа, дзесьці ёй не шанцуе. Былі розныя часы. Цяпер яны не самыя дрэнныя, і мы вяртаемся да Беларусі. Асабіста я гэта адчуваю. Безумоўна, трэба турбавацца аб захаванні нацыянальнай самаідэнтыфікацыі, не забываць, хто мы і навошта мы, але паверце, паўтаруся – час усё расставіць.

Інтэрв’ю:

Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя