Памяці Міхася Стральцова
Памерлы чатырнаццаць гадоў таму Уладзімір Мулявін дапамог літаратарам адшукаць на сталічных Чыжоўскіх могілках сцежку да магілы паэта Міхася Стральцова. Распавядае паэт Міхась Скобла:
– Містычная рэч. На могілках у Чыжоўцы не захавалася кніга, дзе быў зроблены запіс пра дакладнае знаходжанне магілы Міхася Стральцова. І мы доўга не маглі яе знайсці. Успомніў, што хтосьці гаварыў, што блізка пахаваны брат Уладіміра Мулявіна. Толькі назваў прозвішча Мулявін, адміністратарка могілак сказала, што ведае дзе, таму што Уладзімір Георгіевіч вельмі многа разоў сюды прыязджаў. Вось такім чынам мы знайшлі гэтую магілу.
Вядома, магілу мужа магла б паказаць яго ўдава. Але на той момант яе не было ў Беларусі. Па ўжо натаптанай сцежцы ў дзень нараджэння Міхася Стральцова дэлегацыя пісьменнікаў прыйшла да яго магілы, а ўвечары ў менскім Музеі Максіма Багдановіча адбылася вечарына, на якой Міхась Скобла прэзентаваў кнігу пра паэта “Выгнаны патрыцый”.
Максім Каўняровіч, Беларускае Радыё Рацыя