Памяці Валерыя Слюнчанкі
Памяць аўтара праектаў рэстаўрацыі полацкай Сафіі і гарадзенскай Каложы ўшанавалі выданнем кнігі «Валерый Слюнчанка. Ляцеў з аблокамі я побач». Адзін з укладальнікаў кнігі пісьменнік Уладзімір Арлоў паведаміў, што кніга выйшла да 70-годдзя Майстра.
– У кнізе ягоныя тэксты – ягоныя нарысы, эсэ. Адно з іх друкуецца ўпершыню – «Фрэскі Мсціслава». А таксама ягоныя выцінанкі, ягоныя малюнкі, ягоныя вершы. І раздзел з успамінамі ягоных сяброў, калег. У кнізе дадзена бібліяграфія, яго публікацыі, спіс ягоных асноўных праектаў. Так што гэта такая важкая кніжка, добра вельмі аформленая і выдадзеная.
Валеры Слюнчанка быў аўтарам праектаў рэстаўрацыі таксама Богаяўленскага сабора ў Полацку, Кармеліцкага касцёла ў Мсціславе, сядзібы Францішка Багушэвіча ў Кушлянах ды іншых знакавых помнікаў нашай гісторыі і культуры. Прэзентацыя кнігі адбудзецца 20 кастрычніка ў сталічнай кнігарні “Логвінаў”. Пачатак а 19-й гадзіне.
Васіль Кроква, Беларускае Радыё Рацыя