Памёр беларускі мастак Уладзімір Басалыга



Вядомы беларускі мастак-графік Уладзімір Басалыга памёр 7 чэрвеня на 81-м годзе жыцця.

Як паведаміў БелаПАН старшыня Беларускага саюза мастакоў (БСМ) Глеб Отчык, пахаванне адбудзецца 10 чэрвеня ў Слуцку. Месца і час развітання будуць абвешчаныя пазней.

Уладзімір Басалыга нарадзіўся ў Слуцку 1 красавіка 1940 года. У 1960 годзе скончыў Мінскае мастацкае вучылішча імя Глебава, у 1967-м — Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут.

З 1966 па 1971 год працаваў галоўным мастаком упраўлення мастацкай прамысловасці Міністэрства мясцовай прамысловасці БССР, з 1971 па 1980 год — галоўным мастаком Мастацкага фонду БССР.

З 1989 па 1992 год працаваў старшым выкладчыкам, з 1992 па 1999 год — дэканам, дацэнтам мастацкага факультэта Беларускай акадэміі мастацтваў.

З 1999 года — намеснік старшыні, а з 2001 па 2007 год — старшыня Беларускага саюза мастакоў.

У мастака засталіся жонка, трое дзяцей і трое ўнукаў.

У рэспубліканскіх і ўсесаюзных выставах ён удзельнічаў з пачатку 1960-х гадоў. Асноўныя жанры творчасці — кніжная і станковая графіка, дэкаратыўна-прыкладное мастацтва, экслібрысы. Галоўныя тэмы твораў мастака звязаны з нацыянальнай культурай, традыцыйным побытам, народнымі вераваннямі, беларускай мовай (серыя „Мова наша родная”), архітэктурай (пачаты ў 1977 годзе цыкл „Помнікі дойлідства Беларусі”) працягваўся да бягучага часу).

За асабістыя дасягненні ў галіне выяўленчага мастацтва ў 1991 годзе ўзнагароджаны медалём імя Францыска Скарыны. Лаўрэат шматлікіх міжнародных і ўсесаюзных і конкурсаў, уладальнік каля паўсотні дыпломаў.

belapan.by