Памёр беларускі мастак Яўген Жылін
На 80-м годзе жыцця 12 лютага памёр вядомы беларускі мастак Яўген Жылін. Прычынай стаў паўторны інсульт.
Жылін нарадзіўся 20 сакавіка 1939 года ў Гомелі. Скончыў Мінскае мастацкае вучылішча і Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут. Сярод яго настаўнікаў быў народны мастак СССР Міхаіл Савіцкі. Яўген Жылін працаваў у жанрах пейзажу (цыкл „Беларускае Палессе”) і нацюрморта, праілюстраваў больш за 60 кніг, у тым ліку дзіцячыя. З 1974 года член Беларускага саюза мастакоў. У 1993 годзе ўдзельнічаў у стварэнні творчага аб`яднання „Верасень” і быў яго кіраўніком.
У другой палове 1990-х гадоў у нямецкай зямлі Шлезвіг-Гальштэйн неаднаразова праходзілі выставы мастака, прысвечаныя у тым ліку чарнобыльскай трагедыі.
Работы Жыліна знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі, прыватных калекцыях у Германіі, ЗША, Францыі, Італіі і іншых краінах.
Апошнія тры гады з-за стану здароўя мастак рэдка займаўся творчасцю.
У Жыліна засталіся жонка і сын. Дачка мастака была забітая ў ЗША ўзброеным рабаўніком падчас нападу на супермаркет.
Цырымонія развітання з Яўгенам Жыліным пройдзе 14 лютага з 13.00 да 14.00 у рытуальнай зале на вуліцы Сямашкі ў Мінску.
Фота wikimedia.org