Памёр кампазітар Алег Молчан



Сёння пасля цяжкай хваробы на 55-м годзе жыцця памёр беларускі кампазітар Алег Молчан.

Алег Молчан нарадзіўся 11 красавіка 1965 года ў Менску ў сям’і прафесійнага музыканта. Яго кампазітарскі дэбют адбыўся ў восем гадоў, калі ён вучыўся ў сярэдняй спецыяльнай музычнай школе пры Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі. Адразу пасля заканчэння школы пачаў працаваць як піяніст у мінскіх музычных калектывах.

У 1985—1987 гадах Алег Молчан быў прызваны на тэрміновую ваенную службу, якую праходзіў у ансамблі песні і танца Белпалка (цяпер — Узорна-паказальны аркестр унутраных войскаў МУС Беларусі). У складзе гэтага калектыву ўдзельнічаў у канцэртах у 30-кіламетровай зоне Чарнобыльскай АЭС. У арміі ім напісаны першы харавы цыкл на вершы Янкі Купалы „Я нясу вам дар”.

Дэмабілізаваўшыся, Алег Молчан працаваў у Белдзяржфілармоніі ў якасці кіраўніка вакальна-інструментальнага ансамбля „Асарці”, паралельна займаючыся аранжыроўкамі твораў і кампазітарскай дзейнасцю. У гэты перыяд у выдавецтве „Мастацтва” выходзяць яго першыя нотныя творы — „Рэгтайм”, „Накцюрн”, „Чыпаліна”.

У 1991 годзе Алег Молчан паступіў у Беларускую дзяржаўную кансерваторыю па спецыяльнасці „кампазіцыя” ў клас прафесара Андрэя Мдзівані. У тым жа годзе народны артыст СССР Уладзімір Мулявін запрасіў Алега Молчана на працу ў дзяржаўны ансамбль „Песняры” ў якасці піяніста, аранжыроўшчыка і кампазітара, а фактычна ён стаў музычным кіраўніком калектыву. Афіцыйна ж на гэтую пасаду атрымаў прызначэнне ў 1998 годзе.

Дэбютам Молчана ў „Песнярах” стала праграма „Ave sole, альбо Слова Скарыны”, напісаная ў суаўтарстве з паэтам-песеннікам Аляксандрам Лягчылавым, якая прагучала на канцэрце да 20-годдзя „Песняроў”. Молчан напісаў для легендарных „Песняроў” мноства хітоў, у тым ліку „Малiтву” на вершы Янкі Купалы.

Песні Алега Молчана ёсць у рэпертуары многіх беларускіх выканаўцаў. Ён актыўна і дасведчана адстойваў аўтарскія правы кампазітараў, у Беларусі ён лічыўся экспертам у гэтай сферы. У мінулым годзе Молчан быў абраны прэзідэнтам Еўразійскай канфедэрацыі таварыстваў праваўладальнікаў.

Развітанне з кампазітарам адбудзецца ў вялікай зале Белдзяржфілармоніі, пра дату і час будзе паведамлена пазней.

belapan.by

Фота sputnik.by