У Віцебску развітаюцца з мастаком Анатолем Ізаіткам (абноўлена)



Развітанне з полацка-віцебскім мастаком Анатолем Ізаіткам адбудзецца сёння ў 11.30 на Мазурынскіх могілках у Віцебску. Мастака знайшлі мёртвым ва ўласнай кватэры 31 ліпеня. Доўгі час не маглі знайсці нават яго пашпарт, каб аформіць пахаванне. Усе клопаты па развітанні з творцам узяў на сябе Беларускі саюз мастакоў, сябрам якога быў памерлы. Кажа старшыня Віцебскай абласной арганізацыі Святлана Баранкоўская:

– Пахаваюць яго ў Віцебску на цэнтральных могілках у Мазурына. Мы добрае месца для яго знайшлі. Тым больш, што шмат нашых мастакоў там пахавана – Уладзімір Іваноў,  Дасужаў, наш кераміст Кавальчук. Добра, што знайшлі гэтае месца і не прыйдзецца яго далёка везці. Ды і даглядаць ягоную магілу тут будуць.

Анатоль Ізаітка нарадзіўся ў Полацку 21 снежня 1954 года. У маладосці пераехаў у Віцебск, дзе атрымаў мастацкую адукацыю і нейкі час выкладаў малюнак на кафедры дызайна Віцебскага тэхналагічнага ўніверсітэта. Быў прыкметнай фігурай у мастацкім жыцці Полацка і Віцебска.

[Not a valid template]

* * *

На 60-ым годзе жыцця памёр полацка-віцебскі мастак Анатоль Ізаітка. Яго цела знайшлі 31 ліпеня ва ўласнай кватэры. Папярэднія вынікі экспертызы паказалі, што мастак памёр з прычыны спынення сэрца.

Гэта быў унікальны жывапісец, кажа старшыня Віцебскай абласной арганізацыі Беларускага саюза мастакоў Святлана Баранкоўская:

-Ён пісаў з аднаго боку міфалагічныя творы. А з іншага – вельмі праўдзівыя і вельмі правільныя анатамічна. Вельмі майстэрскія працы. Ён заўжды эксперыментаваў. І зараз рыхтаваўся да сваёй юбілейнай выставы – да 60-годдзя.

Віцебскі мастацкі музей выступіў з прапановай наладзіць у сваіх сценах выставу мастака сёлета напрыканцы года  – да яго 60-годдзя.

Анатоль Ізаітка нарадзіўся ў Полацку 21 снежня 1954 года.  Атрымаў мастацкую адукацыю і выкладаў у Віцебску. Апошні час ён працаваў над серыяй жывапісных працаў паводле твораў Васіля Быкава.

Izaitka_na_Bykauskim_plieniery_Ushaczy_1

Анатоль Ізаітка на Быкаўскім пленэры. Ушачы. 2014[Not a valid template]

Васіль Кроква, Беларускае Радыё Рацыя