Памёр паэт і перакладчык Уладзімір Папковіч



Уладзімір Папковіч пайшоў у іншы свет 10 красавіка, на 87-м годзе жыцця. Ён пакінуў па сабе найлепшыя ўспаміны ў студэнтаў, якім выкладаў нямецкую мову, у наведнікаў літаратурных вечарын, якія ў Віцебску вельмі часта праходзілі з ягоным у дзелам, у чытачоў – аматараў паэзіі і ўвогуле сучаснай беларускай літаратуры.

Уладзімір Антонавіч нарадзіўся на Меншчыне, у вёсцы Дварэц Вілейскага раёна. Збіраўся стаць настаўнікам беларускай мовы, але не дабраў балаў ва ўніверсітэт. Тады ён вырашыў паступаць у інстытут замежных моваў, і гэтае рашэнне паўплывала на ўвесь далейшы лёс  паэта і перакладчыка. Пасля сканчэння ВНУ ён выкладаў у гэтым інстытуце нямецкую мову, працаваў інжынерам-перакладчыкам патэнтнага бюро Інстытута навукова-тэхнічнай інфармацыі, старшым выкладчыкам кафедры замежных моў Менскай вышэйшай інжынерна-радыётэхнічнай вучэльні, інжынерам-перакладчыкам аддзела тэхнічнай інфармацыі оптыка-механічнага завода. А потым лёс на доўгія гады звязаў яго з Віцебскам і з настаўніцкай або выкладчыцкай працай.

Першы зборнік вершаў “На досвітку” Уладзімір Папковіч выдаў у 43 гады – не спяшаўся дзяліцца вершамі, якія былі часцінкай ягонай душы. А сваім «хросным бацькам у паэзіі»  ён заўсёды лічыў Рыгора Барадуліна, які дапамог з рэдактурай і напісаў уступнае слова да першай паэтычнай кнігі.

Да сённяшняга выйшла 12 паэтычных зборнікаў Уладзіміра Папковіча,  і яшчэ адзін, паэтычна-сатырычны, дзе аўтарам пазначаны Ахрэм Нядбайла – гэта псеўданім, якім падпісана кніга «Вы будзеце смяяцца».

Уладзімір Папковіч пераклаў безліч твораў нямецкай паэтычнай класікі на беларускую мову, а на нямецкую пераклаў  славутую паэму  “Тарас на Парнасе”, вершы віцебскага паэта Давіда Сімановіча і яшчэ шмат каго з сучасных аўтараў. Быў сябрам Саюза беларускіх пісьменнікаў, ніколі не мяняючы сваіх грамадзянскіх перакананняў.

У апошнія гады жыцця здароўе ўжо не дазваляла Уладзіміру Антонавічу з былым імпэтам наведваць літаратурныя  імпрэзы,  але ён абавязкова перадаваў паэтычныя прывітанні для прысутных, а таксама падтрымліваў “паэтычныя” стасункі ў Фэйсбуку – ці не штодня размяшчаў на сваёй старонцы вершаваныя радкі. Апошнея чатырохрадкоўе было апублікавана 28-га лютага:

Не гадаю, што мяне чакае,

Ведаю, ды толькі не скажу.

Між  знаёмых вестка абляціць такая:

„У. Папковіч з’ехаў за мяжу.” 

Душа паэта апынулася за межамі гэтага свету, але для памяці ўдзячных вучняў і чытачоў няма межаў.

Развітанне з Уладзімірам Антонавічам Папковічам адбудзецца ў панядзелак, 12 красавіка ў Віцебску, у рытуальнай зале “Свеча” (вул.Петруся Броўкі, 50/4) з 18:00 да 20:00. Родныя просяць не прыносіць вянкоў у сувязі з тым, што нябожчыка збіраюцца крэміраваць, а пахаванне адбудзецца пазней.

Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск