Памёр паэт Мікола Шабовіч
Не стала яшчэ аднаго беларускага паэта-лірыка, навукоўца і педагога Міколы Шабовіча. Ён памёр ад каронавіруса на 63 годзе жыцця.
Нарадзіўся Мікола Шабовіч на Мядзельшчыне ў 1959 годзе. Скончыў філалагічны факультэт (беларускае аддзяленне) Менскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя Максіма Горкага па спецыяльнасці «Беларуская мова і літаратура». На першым курсе інстытута выкладчыкам у Міколы Шабовіча быў вядомы мовазнавец Фёдар Міхайлавіч Янкоўскі.
Працаваў у 1981—1986 гадах настаўнікам беларускай мовы і літаратуры ў Шыпкоўскай васьмігадовай школе Вілейскага раёна. Пасля заканчэння аспірантуры выкладаў родную беларускую мову ў Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэта імя Максіма Танка (БДПУ). Абараніў кандыдацкую дысертацыю на тэму «Аказіянальныя словы ў беларускіх мастацкіх тэкстах 20-х гадоў ХХ стагоддзя» і атрымаў навуковую ступень кандыдата філалагічных навук (2004). У 2008 г. атрымаў вучонае званне дацэнта.
Даследаваў аказіянальную лексіку ў мастацкіх тэкстах. Аўтар больш як 50 навуковых артыкулаў і манаграфіі «Аказіянальныя словы ў беларускіх мастацкіх тэкстах 20-х гадоў ХХ стагоддзя». Сфера навуковых інтарэсаў была — лексікалогія і дэрываталогія.
Першы верш Міколы Шабовіча быў надрукаваны ў 1976 годзе ў раённай газеце «Нарачанская зара». Аўтар паэтычных зборнікаў: «Дом» (1996), «Яшчэ пакуль не лістапад» (1996), «Падары мне сваю адзіноту» (2002),
«Мая надзея» (2006), «Хор болей не спявае: пародыі, эпіграмы, прысвячэнні» (2008), «Прыколы ад Міколы» (2015), «Маладыя мроі маладога лета» (2017) і іншых.
Беларускае Радыё Рацыя