Панцак з шальбабонам ці груца з вяршкамі



Нядаўна ў сталоўцы, што ў 13-павярховіку каля Лідскага замка ў Лідзе, раздатчыца ежы прапанавала пісьменніку і журналісту Тадэвушу Чарнавусу на другое адразу тры стравы: пярлоўку, грэчку і бульбяное пюрэ. Пры гэтым міла ўсміхнулася (абслугоўванне, як і якасць харчавання, там на даволі высокім узроўні) і тактоўна запыталася: „Ну что, выбралі?”

– А як жа! – таксама як мага ветлівей усклікнуў журналіст, але па-беларуску. – Мне, калі ласка, двайную порцыю панцаку з поліўкай!

Кабета, напэўна, падумала, што гэта жарт, а калі даведалася, што панцак і ёсць не што іншае, як пярлоўка, шчыра разрагаталася і нават паклала смачнай кашы ў яго талерку больш, чым іншым.

Слова „пярлоўка” ў беларускім тлумачальным слоўніку сапраўды адсутнічае, ды і ў вёсцы калісьці ўсе казалі „панцак” ды „панцак”. Калі гэта быў суп, то яго маглі называць проста крупнікам, калі каша – то груцай з вяршкамі. Праўда, не з тымі, што з малака, а з мясной падліўкай (дарэчы, па-беларуску зручней сказаць „з поліўкай”). Цікава, што паход у лідскую трэстаўскую сталоўку (яе яшчэ называюць і так, бо знаходзіцца яна ў будынку будтрэста №19) не толькі дазволіў журналісту смачна паесці, але і абудзіў шэраг цікавых успамінаў. Пра некаторыя з іх чытачы даведаюцца, калі прачытаюць свежы электронны нумар “Нашага слова. рdf”.

Газета таксама публікуе цікавыя матэрыялы пра Хатынь – святыню нацыянальнай памяці, пра мерапрыемствы Дома Таўлая ў Лідзе, пра лідзянку Алену Свідэрскую, у руках якой ганчарны круг творыць цуды, і якая на старонках “Нашага слова” дзеліцца сакрэтамі старажытнага рамяства…

Свежы нумар газеты публікуе і шэраг іншых цікавых матэрыялаў.

Беларускае Радыё Рацыя