Парэшткі Змітрака Бядулі перапахавалі на Усходніх могілках у Менску
Парэшткі беларускага паэта, празаіка і мовазнаўцы Змітрака Бядулі (Самуіл Яфімавіч Плаўнік), вернутыя з казахстанскага Уральска, перапахавалі 3 лістапада на Усходніх могілках у Менску — роўна праз 79 гадоў пасля яго смерці.
Перад гэтым у „Беларускай хатцы” — філіяле Літаратурнага музея Максіма Багдановіча (з’яўляецца структурным падраздзяленнем Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры) прайшла трохгадзінная цырымонія развітання з даўно памерлым аўтарам. У гэтым будынку літаратар жыў у 1915—1918 гадах разам з сёстрамі Рэняй і Геняй. Тут ён таксама даваў прытулак яшчэ аднаму класіку беларускай літаратуры Максіму Багдановічу.
Эксгумацыі астанкаў Змітрака Бядулі ў канцы лютага гэтага года са згоды яго сваякоў дамогся Фонд Марыі Магдалены Радзівіл на чале з Аляксандрам Сапегам — старшынёй Асацыяцыі беларусаў Швейцарыі. У Беларусь з Казахстана іх даставілі разам з элементамі арыгінальнай надмагільнай пліты. Да перапахавання астанкі захоўваліся ў царкве Святога Прарока Іліі ў Бабруйску.
На прэс-канферэнцыі 27 лютага ў Менску Сын Змітрака Бядулі Яфім Плаўнік расказаў, што ў дэталях памятае пахаванне бацькі ва Уральску. „Бацьку хаваў Коласаўскі тэатр, які акурат у той час гастраляваў у горадзе, — сказаў ён. — Я вельмі добра памятаю, што яны паставілі высокі, абцягнуты чырвоным пастамент. Да труны вялі прыступкі, таксама абцягнутыя чырвонай тканінай. Калі мяне адправілі развітвацца з бацькам, я з усяе сілы караскаўся. Пасля было пахаванне на могілках, усё гэта было цалкам звычайнай справай для наваколля, але, вядома ж, не для нашай сям’і”.
„Цяпер я гэтую дзею не ўспрымаю як пахаванне альбо нешта асабліва змрочнае, не. Гэта, так бы мовіць, вяртанне на радзіму. Быццам і не было гэтых 80 гадоў. Я вельмі ўдзячны Аляксандру [Сапегу], бо разумею, якую велізарную працу ён зрабіў. Дагэтуль наша сям’я шэсць разоў спрабавала дамагчыся перазахавання. Пачыналася добра, але скончылася нічым. А зараз усё атрымалася”, — сказаў Плаўнік.
Змітрок Бядуля нарадзіўся 23 красавіка 1886 года ў вёсцы Пасадзец (тэрыторыя цяперашняга Лагойскага раёна Мінскай вобласці). Працаваў у газеце „Наша ніва” разам з Янкам Купалам, газеце „Савецкая Беларусь”, рэдагаваў дзіцячы часопіс „Зоркі” і краязнаўчы часопіс „Наш край”. Перакладаў творы з ідыша і ўкраінскай мовы. З 1934 года быў членам Саюза пісьменнікаў СССР. Узнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга. Памёр 3 лістапада 1941 года ў эвакуацыі каля Уральска (Казахстан), дзе быў пахаваны на гарадскіх могілках.