Партал TuzinFM пераехаў у зону BY



Музычны партал з 14-гадовай гісторыяй змяніў адрас у сеціве. Цяпер пачытаць навіны са свету беларускай музыкай ды галасаваць за найлепшыя песні, кліпы і альбомы беларускіх выканаўцаў можна па адрасе tuzinfm.by.

Кіраўнік TuzinFM Сяргей Будкін кажа, што пераезд быў вымушанай мерай: «Па незалежных ад нас прычынах мы страцілі кантроль над ранейшым даменам, таму зарэгістраваліся ў зоне BY, дзе на тэхнічным узроўні не павінна быць ніякіх праблемаў. Але мы пакідаем назву праекту TuzinFM з разлікам зрабіць у будучыні ўласнае радыё». У структуры сайту таксама адбудуцца невялікія змены — будуць скасаваныя раздзелы «Жамерыны» і «Афіша». Стаўка будзе зроблена на ўласныя праекты, прэм’еры песень у межах чартаў, а таксама на агляд свежых беларускіх кліпаў і альбомаў.

Партал TuzinFM працуе ў сеціве з 2003 года. Ён ініцыюе, праводзіць і падтрымлівае найбольш значныя падзеі ў беларускай музыцы. Сёлета разам з фондам «Вяртанне» партал праводзіць чацвёрты сезон конкурсу для маладых выканаўцаў «Заспявай», які сёлета пройдзе ў адукацыйным фармаце. Таксама рыхтуецца музычны праект «(Не) расстраляная паэзія», у межах якога вядучыя беларускія музыкі запішуць песні на вершы рэпрэсаваных паэтаў.

tuzinfm.by