Паштоўка, прысвечаная Масею Сяднёву



У Слоніме выйшла з друку паштоўка, прысвечаная беларускаму паэту, публіцысту і перакладчыку Масею Сяднёву (1913-2001). Гэта быў першы беларускі пісьменнік, якога некалі намінавалі на Нобелеўскую прэмію.

Родам Масей Сяднёў быў з Касцюковіччыны. Да вайны быў рэпрэсаваны, пяць гадоў адбыў на Калыме, але ў 1941 годзе прывезены ў Менск для перагляду справы, а пад час акупацыі апынуўся на волі. У 1943 годзе выехаў у Беласток, дзе дапамагаў Хведару Ільяшэвічу выдаваць газету “Новая дарога”. Потым жыў у Германіі і ЗША.

Першыя вершы напісаў і апублікаваў у 1933 годзе ў часопісе “Работніца і калгасніца Беларусі”, друкаваў свае творы ў беларускіх і замежных выданнях. Выдаў кнігі ўласных твораў “На край света”, “Спадзяванні”, “Цень Янкі Купалы”, “Патушаныя зоры”, “І той дзень надышоў”, “Масеева кніга” і іншыя. Памёр у ЗША.

Паштоўку парупіўся выдаць пісьменнік Сяргей Чыгрын са Слоніма. У аснову яе ўвайшоў партрэт Масея Сяднёва, намаляваны мастаком Алесем Кажамякам з Оршы.

 Аксана Шпак, Беларускае Радыё Рацыя