Паштоўкі беларускай эміграцыі, прысвечаныя БНР



Паштоўкі заўсёды з’яўляліся не толькі арыгінальным і прыгожым відам мастацтва, але і каштоўнымі гістарычнымі дакументамі. Сярод выпушчаных паштовак беларускімі эмігрантамі ў розных краінах свету ў ХХ стагоддзі, былі і паштоўкі, прысвечаныя 25 Сакавіку і Беларускай Народнай Рэспубліцы.

Першая паштоўка, прысвечаная Першаму Ураду Беларускай Народнай Рэспублікі з’явілася ў Берліне ў 1919 годзе. На паштоўцы адлюстраваны фотаздымак, на якім мы пазнаем А. Бурбіса, І.Сераду, Я.Варонку, В.Захарку, А.Смоліча, П.Крэчэўскага, К.Езавітава, А.Аўсяніка і Л.Зайца. Паштоўку “пісульку” выпусціла таварыства імя Францыска Скарыны.  

У гэтым самым годзе ў Берліне была надрукавана і паштоўка “Няхай жыве Беларуская Народная Рэспубліка”

У Коўне ў 1920-я гады выйшла паштоўка “Беларускі нацыянальны штандар”, якую выпусціла таварыства імя Францыска Скарыны. Друкаваў паштоўку нехта Марголін у друкарні на Гарадзенскай вуліцы.

У Германіі ў 1940-я гады была выпушчана паштоўка “Прэзідэнты БНР” з партрэтамі Пятра Крэчэўскага, Васіля Захаркі і Міколы Абрамчыка. Тады ў Германіі ў 1948 годзе была выпушчана і паштоўка “Вялікія дзеячы беларускага адраджэння” з намаляванымі партрэтамі Кастуся Каліноўскага, Ігната Грынявіцкага, Францішка Багушэвіча, Пятра Крэчэўскага і Васіля Захаркі, а таксама герб Пагоня. Аўтар паштоўкі – мастак Мікола Сільвановіч.

У 1940-я гады ў Германіі была перавыдадзена паштоўка 1919 года – ““Няхай жыве Беларуская Народная Рэспубліка”.

Беларускі камітэт самапомачы ў Берліне ў 1943 годзе выпусціў паштоўку “Жыве Беларусь!” з выяваю Пагоні. У 1948 годзе ў Германіі свет пабачыла паштоўка “25 Сакавіка”.

Беларус Ян Пятроўскі ў 1948 годзе выпусціў у горадзе Лінц (Аўстрыя) выпусціла паштоўку “Найлепшыя пажаданні на Дзень 25 Сакавіка”.

Згуртаванне беларусаў Канады ў 1950-я гады выпусціла паштоўку” Уздымем яго высока…”(малюнак Пётры Мірановіча), прысвечаную 25 Сакавіка. А Уладзімір Пелясы ў 1950-я гады выпусціў паштоўку “Пётра Крэчэўскі. Старшыня Рады БНР”.  Рада БНР у 1998 годзе ў ЗША надрукавала паштоўку “25 Сакавіка – БНР 1998”. ААН у серыі “Сцягі” напачатку 1990-х гадоў выпусціла паштоўку “Сцяг Беларусі” з выявай бел-чырвона-белага сцягу.

[Not a valid template]

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя