Паштоўкі з русалкай і лесавіком
РУП „Белпошта” выпусціла цікавыя паштоўкі з выявамі беларускіх лесавіка і русалкі. Кожная паштоўка надрукавана па 3 тысячы штук. Паштоўкі аформіў мастак-ілюстратар дзіцячых кніг, казак, расфарбовак для дзяцей, коміксаў Віктар Чайчук.

Русалкі – міфалагічныя персанажы. Для ўсіх рэгіёнаў Беларусі характэрна ўяўленне пра русалак, якія паказваліся ў полі, лесе, каля вады ў выглядзе маладых прыгожых дзяўчат у вяночках, з русымі, белымі, зялёнымі ці іншага колеру распушчанымі валасамі, падобнымі на пасмачкі тонкай асакі, водарсці, з зялёнымі ці блакінымі вачамі, аголеных або апранутых у белае адзенне, галінкі, зелень. Русалкі нібыта з’яўляюцца ў час красавання раслін, дрэў і траў, знікаюць па заканчэнні іх актыўнай вегетацыі – увосень і зімой.

Лесавік ў беларускай міфалогіі – гэта гаспадар лесу, які апякуецца ўсімі звярамі і птушкамі, ратуе іх ад пажару, паляўнічых і г.д. Вобраз лесавіка быў распаўсюджаны па ўсёй тэрыторыі Беларусі, і вера ў яго служыла ўсталяванню своеасаблівай экалагічнай раўнавагі паміж чалавекам і прыродай.

Такіх сваеасаблівых русалак і лесавікоў на паштоўках адлюстраваў мастак Віктар Чайчук.
Беларускае Радыё Рацыя
