Патрыярх пінскай даўніны. Музейныя гісторыі
Музей Беларускага Палесся, што знаходзіцца ў Пінску, адзначае 90-годдзе – гэта адзін са старэйшых музеяў Беларусі, які не прыпыняў дзейнасці ад моманту адкрыцця нават у часы Другой Сусветнай вайны. З нагоды юбілею ўстановы Радыё Рацыя распавядзе пра гісторыю і экспанаты, каб зразумець чаму варта наведаць пінскі музей.
Музей Беларускага Палесся варты асобнага выдання па гісторыі, як і лёсы заснавальнікаў, першых супрацоўнікаў. З усёй каларытнай мінуўшчыны прапануем ТОП-10 гісторый.
Лік ужо мог ісці на стагоддзе
Першая спроба стварыць установу зроблена ў 1910 годзе, калі горад над Пінай уваходзіў у склад Расейскай імперыі. Ініцыятары звярнуліся да губернскіх уладаў, але тыя адмовілі, палічыўшы ідэю неабгрунтаванай ды патрэбна было выдаткаваць сродкі. Першая Сусветная і Грамадзянская войны адклалі пытанне на дзесяцігоддзе. Усё атрымалася з другой спробы. 17 кастрычніка 1924 года на пасяджэнні Палескага краязнаўчага таварыства прынята рашэнне аб стварэнні Палескага музея. Напрацягу двух год вялася арганізацыйная праца і 1 ліпеня 1926 года пінскі музей прыняў наведвальнікаў.
Спачатку было чатыры аддзелы: гісторыі, археалогіі, прыроды ды этналогіі. Дзейнасць установы распаўсюджвалася на Драгічанскі, Камень-Кашырскі, Пінскі, Столінскі, Лунінецкі, Косаўскі і Кобрынскі паветы. Фонды налічвалі 100 экспанатаў. Музейную экспазіцыю размясцілі ў офісе краязнаўчага таварыства па вуліцы Касцюшка-9, на жаль, да нашых дзён будынак не захаваўся. Музей працаваў адзін раз у тыдзень, па дзве гадзіны.
Ад 1996 года ў былым езуіцкім калегіуме месціцца Музей Беларускага Палесся
Шлях ад педагога да супрацоўніка дырэкцыі Польскага радыё
Заснавальнік музея – Раман Гарашкевіч (1892-1962) нарадзіўся ва Украіне ў сучаснай Тэрнопальскай вобласці. Скончыў факультэт геральдыкі і гісторыі мастацтва Кракаўскага ўніверсітэта ды факультэт археалогіі Львоўскага ўніверсітэта. Выкладаў у Пінскай гімназіі паралельна займаючыся музеем. Выдаваў польскамоўны альманах “Пінская зямля”. Паглыблена вывучыў Палессе, сабраў унікальную калекцыю археалагічных і гістарычных артэфактаў. У выніку экспедыцый па палескім мястэчкам і сёлам, выдаў кнігі “Традыцыі зямлі Пінскай” і “Спіс родаў шляхты зямлі Пінскай”.
У 1928 годзе Гарашкевіча перавялі ў ваяводскую адміністрацыю ў Берасце, а з 1934 па 1939 год працаваў у дырэкцыі Польскага радыё. У верасні 1939 года 47-гадовага Рамана Гарашкевіча мабілізавалі ў войска на барацьбу з нацыстамі. Завяршэнне Другой Сусветнай гісторык сустрэў у званні капітана. Пасля вайны жыў у польскім мястэчку Аполе, дзе працягнуў навуковую дзейнасць.
Раман Гарашкевіч. Ягоны сын Тадэвуш Гарашкевіч наведаў Пінск у 1990 годзе, ён стаў досыць вядомым у Польшчы аператарам.
З будынкам пашанцавала
Ад 1996 года ўстанова месціцца ў будынку езуіцкага калегіума, атрымаўся музей у музеі. Мужчынскі манаскі ордэн Рыма-каталіцкай царквы заклаў адукацыйны цэнтр у 1630-я гады. Каго толькі велічныя муры не пабачылі. Тут выкладаў святы каталіцкага касцёлу Андрэй Баболя (1591-1657). Адукацыю атрымалі: публіцыст і педагог Анастас Людвік Керсніцкі (1678-1733); гісторык, рэлігійны дзеяч, сакратар караля Адам Нарушэвіч (1733-1796); рэктар Варшаўскага універсітэта Караль Вырвіч (1717-1793); грамадска-палітычны і гаспадарчы дзеяч Матэуш Бутрымовіч (1745-1815).
Калегіум захоўвае памяць аб каралях вядомых усяму свету. У траўні 1705 года Пінск заняў кароль Швецыі Карл XII. Манарх вёў вайну з Расейскай імперыяй і спадзяваўся пераправіць войска праз легендарныя пінскія балоты. Падняўшыся на самую высокую кропку горада – званіцу езуіцкага кляштара, Карл XII агледзеў “палескае мора”. Зразумеўшы, што задача невыканальная, шведы пакінулі горад над Пінай. Амаль праз 80 гадоў, у верасні 1784 года, Пінск з афіцыйным візітам наведаў апошні кароль Рэчы Паспалітай Станіслаў Аўгуст Панятоўскі. Кароль са світай размясціўся ў калегіуме. Тут яму арганізавалі ўрачысты прыём, вячэру з тэатралізаваным прадстаўленнем ды забаўляльнай праграмай.
Езуіцкі калегіум у Пінску, фота Уладзіслава Дмоўскага, 1920-30-я гады.
Пінскі музей у часы міжваеннай Польшчы
За пяць гадоў працы музейныя фонды выраслі ў 18 разоў і па стане на 1931 год склалі 1867 экспанатаў. Да гэтага часу музей пераехаў у новае памяшканне і з’явіліся штатныя супрацоўнікі. У 1928-39 гадах дырэктарам установы з’яўляўся карэнны пінчанін, выкладчык гімназіі, былы дырэктар прыватнага рэальнага вучылішча Дзмітрый Георгіеўскі (1889-1941?).
Міністэрства адукацыі Польшчы перадало ў Палескі музей 129 прадметаў мясцовага ткацтва і адзення, 17 керамічных вырабаў, а Кракаўская Акадэмія навук – 18 кніг па этналогіі. Міністэрства камунікацыі Польшчы падаравала 54 фатаграфіі з відамі Палесся, а ўправа водных шляхоў – 32 косткі маманта.
Музей стаў неад’емнай часткай грамадскага жыцця горада, установа ўдзельнічала ў рэгіянальнай выставе “Палескі ярмарак”, а Дзмітрый Георгіеўскі распрацаваў “Даведнік па выставе”. На момант уваходжання ў 1939 годзе Пінска ў БССР, музей наведала каля 20 тысяч чалавек, а фонды складалі звыш 4 тысяч адзінак. Вялося цеснае супрацоўніцтва з еўрапейскімі навукоўцамі. Музей пачаў вырабляць друкаваную прадукцыю ў выглядзе паштовак з палескімі пейзажамі і навукова-папулярныя брашуры.
Будынак пінскага магістрата, дзе напачатак 1930-х гадоў размяшчаўся музей.
Турбота з боку кіраўніцтва Пінска
Як вядома, з 1921 па 1939 гады Пінск уваходзіў у склад Польшчы, з’яўляўся цэнтрам Пінскага павета Палескага ваяводства. Пасада тагачасных “мэраў”, называлася не інакш як „прэзідэнт горада”. Дык вось, прэзідэнт Пінска Чэслаў Мергенталер (1868-1940) і камендант Генрых Яцына у 1928 годзе аддалі пад музей два пакоі ў гарадскім упраўленні – магістраце.
Акрамя таго дэпутат польскага парламента ад павета Пётр Алявінскі (1895-1962) звярнуўся да жыхароў Палесся. Алявінскі заклікаў зрабіць падарунак або перадаць на часовае захоўванне ў фонды музея рэчы, якія сімвалізуюць традыцыі, побыт, прыроду края.
Археалагічныя працы на замкавай гары ў Пінску, 1957 год.
Смяротная экспедыцыя
Саветы першым чынам перайменавалі Палескі музей у Пінскі гісторыка-рэвалюцыйны музей, а неўзабаве ў Пінскі абласны гісторыка-краязнаўчы музей. У 1939-41 гадах фонды істотна папоўніліся за кошт канфіскаванай маёмасці ў так званых “ворагаў”.
19 чэрвеня 1941 года Дзмітрый Георгіеўскі накіраваўся ў Сташаны і Лагішын, што напоўнач ад Пінска з мэтаю пошуку артэфактаў. Праз тры дні, 22 чэрвеня, нацысцкая Германія пачала баявыя дзеянні супраць СССР. З экспедыцыі Георгіеўскі не вярнуўся. Ёсць звесткі, што 22 чэрвеня 1941 года яго арыштавалі органы НКУС, якія ўпершыя дні вайны праводзілі ліквідацыю “ненадзейнага элемента”. Дальнейшы лёс навукоўцы невядомы.
Але існуе і крыху іншая версія. Быццам бы ёсць сведкі, што Георгіеўскі паспеў 22 чэрвеня вярнуцца ў Пінск ды здаць камандзіроўку і толькі тады яго арыштавалі. У любым выпадку яго напаткала нелепшая доля.
Дзмітрый Георгіеўскі. Удзельнікі пасляваеннага сходу супрацоўнікаў музеяў Берасцейшчыны.
Нацысцкая акупацыя
4 ліпеня 1941 года Пінск занялі нацысты і ўжо 6 ліпеня ў горадзе ўтварылі падкантрольную гарадскую адміністрацыю. Горад над Пінай далучылі да рэйхскамісарыята Украіна.
У красавіку 1942 года, да дня нараджэння Адольфа Гітлера, у Палескім музеі адбыліся ўрачыстыя мерапрыемствы. Установа працавала ўсю вайну, лічыцца, што гэта было неабходна з пункту гледжання прапаганды.
Калі ж нацысты ў ліпені 1944 года пакідалі Пінск, то звезлі ў Нямеччыну каля 70% экспанатаў. Іх цікавілі толькі каштоўныя рэчы ў матэрыяльным плане, а вось аддзелы этнаграфіі ды прыроды засталіся некранутымі. У выніку баявых дзеянняў быў моцна пашкоджаны і сам будынак. Да траўня 1945 года рэстаўрацыйныя працы завершыліся.
Удзельнікі ўрачыстасцяў з нагоды 50-годдзя пінскага музею, 1976 год.
Музей за савецкім часам
На канец 1952 года ў фондах налічвалася звыш 19 тысяч адзінак, а пад установу адыйшоў увесь будынак па вуліцы Леніна,27 (цяпер тут інстытут радыялогіі). У 1955 годзе адбыліся археалагічныя раскопкі на гарадзішчы старажытнага Пінска. У выніку фонды папоўніліся 4 тысячамі розных прадметаў. Музей аднавіў выдавецкую дзейнасць. У 1958 годзе свет пабачыў зборнік матэрыялаў для краязнаўцаў-падарожнікаў “У паход па Піншчыне”, а ў 1962 годзе брашура-памятка наведвальніку музея.
У 1979 годзе Пінскі краязнаўчы музей рэарганізавалі ў Беларускі дзяржаўны музей сацыялістычнага пераўтварэння Палесся. Змена дазволіла распаўсюдзіць дзейнасць на палову Берасцейскай, Гомельскай, а таксама Менскай абласцей.
Падчас перабудовы супрацоўнікі прапанавалі Міністэрству культуры перайменаваць ўстанову ў Музей Беларускага Палесся, што неўзабаве адбылося ў 1990 годзе. Пад такой назвай пінскі музей вядомы ў нашыя дні.
Супрацоўнікі музея, сядзяць злева направа: Ф.Жураўскі, Л.Студэнт, Б.Міралюбаў. Стаяць злева направа: У.Баравікоў, У.Уладзімірук, 1976 год.
Пісьмо ў Крэмль
Старшы навуковы супрацоўнік Фёдар Фёдаравіч Жураўскі (1912-1996), у калектыве яго попрасту называлі “Фэ-Фэ”, знаходзячыся ў роспачы наважыўся на апошні крык душы. У 1988 годзе на імя Старшыні Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР Андрэя Грамыка, паступіў ліст з Пінска ад таварыша Жураўскага. Ліст сапраўды эмацыйны, з першых радкоў адчуваецца хваляванне аўтара, безнадзейнае становішча.
(…) Прашу прабачэння, што я турбую Вас сваім лістом, адцягваю Вашу ўвагу ад агульнадзяржаўных спраў, якімі ў цяперашні час так занятыя ўсе кіраўнікі нашай дзяржавы. Я доўга не адважваўся на такі ўчынак. Але жыццё мае ў сталыя гады зрабілася такім невыносным, што я, ужо страціў надзею дамагчыся яго паляпшэння і ўвагі да мяне з боку нізавых кіруючых інстанцый, адважыўся, нарэшце, звярнуцца па дапамогу да Вас…, – вытрымка з ліста.
Аўтар распавёў Грамыка сваю біяграфію, пра вайсковыя цяжкасці, працоўныя будні. Прасіў аднаго: “За ўсё сваё жыццё я ніколі не меў хоць бы і сціплай, але сапраўднай чалавечай кватэры. Можа, у гэта цяжка паверыць, але гэта – праўда”. Сапраўды Фёдар Фёдаравіч не меў ўласнага жылля ў 65 год, хаця ўсё жыццё працаваў на карысць дзяржавы.
Вынік ліста – памёр ва ўласнай хаце…
Фёдар Жураўскі і ягоны ліст у Крэмль.
Месца для анамаліяў
У Інтэрнэце не цяжка знайсці інфармацыю, нібы ў музеі магчыма сустрэць прывід. Гэтага супрацоўнікі не пацверджаюць, але нельга пакідаць па-за ўвагай іншы факт. Пасля прыходу савецкай улады ў Пінску, у будынку езуіцкага калегіума размясціўся аддзел НКУС. Старажылы ўзгадвалілі, што ахвяр палітычных рэпрэсій расстрэльвалі на месцы – у падвалах калегіума. Калі чэкісты перабраліся ў новае памяшканне, а на іх месцы размясціліся розныя адміністрацыйныя ўстановы, то ахоўнікі, асабліва ў пасляваенныя гады, запэўнівалі, што чулі стогны нявінна забітых.
Наступным разам распавядзем пра ТОП-10 экспанатаў пінскага музею.
Езуіцкі калегіум у Пінску, канец ХІХ стагоддзя.
Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя