Паўшоў з жыцця стваральнік Полацкага ўніверсітэта Эрнст Бабенка
15 жніўня 2019 года на 82-м годзе жыцця памёр Эрнст Міхайлавіч Бабенка.
Вядомы вучоны, доктар тэхнічных навук, прафесар, заслужаны работнік адукацыі Рэспублікі Беларусь, Ганаровы грамадзянін Полацка і Наваполацка, уладальнік шматлікіх узнагарод і прэмій. І, вядома, яго імя назаўжды застанецца звязана з Полацкім дзяржаўным універсітэтам, які паўстаў і атрымаў развіццё шмат у чым дзякуючы мэтанакіраванасці, адданасці сваёй справе і прафесіяналізму першага рэктара.
Эрнст Бабенка нарадзіўся 21 кастрычніка 1937 года ў Плешчаніцах. Скончыў школу ў Маладэчне, затым Маскоўскі хіміка-тэхналагічны інстытут.
У Наваполацкім філіяле Беларускага політэхнічнага (затым тэхналагічнага) інстытута Эрнст Міхайлавіч прайшоў шлях ад старэйшага выкладчыка да загадчыка кафедры, быў першым кандыдатам навук у Наваполацку, а ў 1970 годзе – прызначаны дырэктарам філіяла Беларускага тэхналагічнага інстытута імя С.М. Кірава. З 1987 года – рэктар Наваполацкага політэхнічнага інстытута.
Арганізатарскі талент, мудрасць кіраўніка і, вядома, любоў да Полацкай зямлі, дазволілі рэалізаваць Эрнсту Міхайлавічу праект, маштаб якога цяжка ацаніць – у 1993 годзе Наваполацкі політэхнічны інстытут быў ператвораны ў Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт.
Менавіта Эрнсту Міхайлавічу Полацк абавязаны вяртаннем у старэйшы беларускі горад вышэйшай адукацыі і стварэннем тут класічнага універсітэта еўрапейскага тыпу.
Развітанне з Эрнстам Міхайлавічам Бабенка адбудзецца ў суботу, 17 жніўня, у вучэбна-лабараторным корпусе ПДУ ў Міжрэчча з 10.00 да 12.00.
Паводле psu.by