Павал Татарнікаў і Уладзімір Арлоў прэзентавалі ў Гародні „Айчыну”



У Гародню з прэзентацыяй ужо вядомай у Беларусі кніжкі „Айчына” прыехалі аўтары Павал Татарнікаў і Уладзімір Арлоў. У Цэнтры гарадскога жыцця прайшла аўтограф-сесія, а таксама сустрэча з чытачамі.

Кніга ўжо мае другі наклад, а гэта поспех. Кажа Уладзімір Арлоў:

– Мы проста ганарымся гэтым поспехам і хочам, каб і вы раздзялілі нашу радасць. Я гэта ўсё кажу, каб зрабіць выснову, – посьпех гэтай кніжкі не толькі і не столькі можа быць у выніку нашай працы, як у тых зменах, якія адбываюцца ў нашым грамадстве. Усё больш і больш людзей хочуць мець сваю Айчыну, і я маю на ўвазе не толькі кнігу “Айчына” у сваёй бібліятэцы.

Мастак Павал Татарнікаў багата ілюстраваў кнігу, толькі партрэтаў гістарычных асобаў налічана 65! Кажа графік пра планы другой сумеснай кнігі з Уладзімірам Арловым:

 – Вырашана было кнігу падзяліць на дзве часткі. Другая частка будзе прысвечана 19-20 стагоддзям. Магчыма там мы большы ўпор зробім на дакладнае жыццё мястэчак, гарадоў, побыту сям’і, нацыянальных меншасцяў, канешне, якія заўсёды жылі ў нашай Айчыне. Аўтар, выдаўцы, рэдактары заўсёды ківаюць на мастака. Спадзяемся, што праз год другая частка выйдзе.

Уладзімір Арлоў паведаміў, што на ў аўтограф-сесіі, якая праходзіла ўзімку ў Менску, ён разам з мастаком Паўлам Татарнікавым падпісалі 2000 кнігаў. Але і цяпер, пасля выхаду другога накладу кнігі, яна застаецца запатрабаванай, хоць і каштуе нямала.

[Not a valid template]Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня

Фота аўтара