Павел Баркоўскі пра першыя вынікі фестывалю „Pradmova”
Гэтымі днямі ў Беластоку адбываюцца мерапрыемствы Фестывалю інтэлектуальнай кнігі „Pradmova”. У Культурным цэнтры імя Людвіга Заменгофа праходзяць прэзентацыі кніг, дыскусіі, лекцыі і нават узнагароджанні літаратурнымі прэміямі. Гэта апошняя сесія фестывалю, раней яны адбываліся ў Батумі, Варшаве і Вільні.
З кіраўніком арганізацыйнага камітэту Паўлам Баркоўскім пра першыя вынікі фестывалю паразмаўляў Алесь Аркуш:
РР: Што можна сказаць пра сёлетні фестываль „Pradmova”?
– Гэта заўсёды цяжкая арганізатарам казаць пра тое, як атрымалася. Звычайна лепшыя ўражанні ў публікі, якая наведвае імпрэзы. Напэўна з іх боку лепш бачна, што ў нас атрымалася, што можа быць атрымалася не вельмі ці не так, як бы мы хацелі. Магу сказаць, што той наш мінімум, каб фестываль існаваў, каб ён праходзіў у важных для беларусаў гарадах, там дзе іх шмат, дзе ў іх ёсць магчымасць прыйсці і дакрануцца да ўласнай культуры, гісторыі, літаратуры, атрымаць частку нацыянальнага коду, ідэнтычнасці. Гэтую задачу я спадзяюся мы выканалі. Але заўсёды канешне хочацца большага. У гэтым годзе мы засяродзіліся на тым, каб зрабіць больш цікавымі менавіта беларускіх аўтараў, нашых майстроў. Канешне мы працягваем гэты дыялог з суседнімі народамі. Мы працягваем ангажоўваць нашых грузінскіх, літоўскіх, польскіх калег, запрашаць іх на гэтыя імпрэзы. Ну і спадзяемся, што мы па трошкі павышаем інтэлектуальную планку, бо не толькі нейкія забаўляльныя мерапрыемствы, але м такія сур’ёзныя дыскусіі, сур’ёзныя размовы таксама маюць быць на фестывалі.
РР: Калі разглядаць усе сесіі, якая выйшла найлепш?
– Гэта складанае пытанне. Гэта, як у маці спытаць, якое з дзяцей атрымалася найлепшым. Кожная імпрэза, кожная пляцоўка для нас унікальная і цікавая. Дзесьці канешне былі пляцоўкі, дзе было больш інтэлекту актуальнага зместу, дзесьці было больш паэзіі, дзесьці больш тэатральных нейкіх імпрэз. Кожная была ўнікальная, кожная цікавая па-свойму. Для таго, каб атрымаць комплекснае ўяўленне, трэба было, як некаторым арганізатарам, праехацца па ўсіх пляцоўках, схадзіць на анлайн-імпрэзы, якія ў нас, дарэчы, яшчэ не завершаны. 30-га кастрычніка, у панядзелак, адбудуцца апошнія нашыя анлайн-імпрэзы, таксама вельмі цікавыя і значныя, таму можаце далучацца. Я спадзяюся, што гэты фестываль дае вось тую разнастайнасць і тую ўнікальнасць беларускай культуры, якая можа сведчыць пра нас сённяшніх і даваць нам нейкія арыенціры, чым мы ёсць, што нам рабіць і куды нам рухацца.
Сёння ўвечары ў Цэнтры Заменгофа пройдуць прэзентацыі кніг Уладзіміра Някляева, Валянціна Акудовіча і Алеся Бяляцкага, адбудуцца ўзнагароджанні прэміямі імя Алеся Адамовіча і Францішка Багушэвіча, а таксама адбудуцца паэтычныя чытанні „Ночы (не)расстраляных паэтаў”.
Беларускае Радыё Рацыя