Павел Баркоўскі: “Прадмова” – шматнацыянальны фестываль з дамінантай беларускай культуры
Пасля кароткага перапынку вяртаецца фестываль інтэлектуальнай кнігі “Прадмова”. Фестываль вяртаецца, але не ў Беларусь. Тбілісі, Кракаў, Варшава, Вільня – у гэтых гарадах пройдзе фестываль па палітычных прычыных.
Пра фестываль і пра сённяшні стан беларускага недзяржаўнага кнігавыдавецтва паразмаўляем з Паўлам Баркоўскім – філосафам, заснавальнікам і каардынатарам фестывалю.
РР: Давайце паразважаем пра беларускую кнігу. Разгромленыя недзяржаўныя выдавецтвы і кнігарні – “Янушкевіч”, “Галіяфы”. “Логвінаў” нібыта працуе дыстанцыйна. Знакавыя “Сабакі Еўропы” Альгерда Бахарэвіча прызнаныя экстрэмісцкай кнігай. Выцясняюцца са школьных падручнікаў Уладзімір Арлоў, Уладзімір Някляеў і шмат хто яшчэ. Што рабіць чытачу?
Павел Баркоўскі: Сапраўды, гэта вельмі драматычная сітуацыя. Можа менавіта таму кніжны фестываль сёння мае неабходнасць звярнуць увагу на той стан кніжнай галіны, які мы сёння маем. І натуральна для такой кепскай сітуацыі з кнігай мы вымагаем шукаць іншыя альтэрнатыўныя рашэнні таму, што было раней. Бо відавочна, што пры такім падыходзе ў Беларусі проста не застанецца нейкай незалежнай кнігавыдавецкай актыўнасці, добрыя аўтары не змогуць друкавацца, добрыя кніші не змогуць даходзіць да чытача. А да прадукцыі дзяржаўных кніжных выдавецтваў, прынамсі ў мяне, ёсць вялікія пытанні.
РР: Хто прыме ўдзел у фестывалі “Прадмова”?
Павел Баркоўскі: Паколькі фестываль адбываецца ў трох розных краінах, мы імкнуліся задзейнічаць не толькі большасць беларускіх аўтараў, але і аўтараў з іншых краін. У нас будуць такія вядомыя польскія інтэлектуалы як Адам Міхнік, Славамір Серакоўскі. Будуць грузінскія і літоўскія аўтары, і аўтары з Ізраіля. Віктар Шэндэровіч будзе анлайн. У нас такі шматнацыянальны фестываль з відавочнай дамінантай беларускай культуры. Мы спадзяемся, што ўсё ж такі прыме ўдзел Святлана Алексіевіч, і вядомы пісьменнік Саша Філіпенка. Прамуць удзел Альгерд Бахарэвіч, Уладзімір Арлоў і шмат хто іншы.
РР: Да ўдзелу ў фестывалі арганізатары запрасілі вядомага расейскага кінакрытыка Антона Доліна. І тут жа з’явіліся прэтэнзіі да арганізатараў, мо варта было б запрасіць замест Доліна кагосьці з украінскіх аўтараў?
Павел Баркоўскі: Сапраўды, у нас узніклі пэўныя праграмныя пытанні і канфлікты. І камандзе давялося з гэтым разбірацца і вырашаць. Але ўсе гэтыя пытанні мы вынясем у панядзелак разам з афіцыйным каментаром, і вы зможаце ўсё гэта даведацца ў панядзелак разам з абноўленай і скарэктаванай праграмай.
Пачатак Фестывалю “Прадмова” – у Тбілісі 4-5 чэрвеня. 12 чэрвеня – фестываль у Кракаве, дзе тры дні будуць праходзіць Дні беларускай культуры. 18 – 19 чэрвеня – Варшава. 25 – 26 чэрвеня – Вільня.
Цалкам гутарка ў далучаным гукавым файле:
Гутарыў Міхал Андрасюк, Беларускае Радыё Рацыя
Фота: zviazda.by