Павел Белавус: На той момант гэта было шокам!



Бізнесмен і грамадскі актывіст Павел Белавус распавёў, як год таму пачаўся наступ уладаў на краму сувеніраў з нацыянальнай сімволікай Symbal.by.

Як гэта было і чым закончылася?

Павел Белавус: Як вядома, наезд на нас пачаўся ў чэрвені мінулага года, калі ўжо ішла прэзідэнцкая кампанія. Відаць, уладам не спадабаўся дызайн некаторых нашых футболак.

І гэты наезд стаў абсалютнай нечаканасцю. Ніхто не чакаў такой рэакцыі на рэчы, якімі мы і іншыя займаліся ўжо шмат гадоў. Калі 12 чэрвеня ў кур’ера забралі 400 цішотак, а затым на нас з усіх бакоў наваліліся правяраючыя з розных інстанцый, гэта на той момант было шокам.

Але, калі параўноваць з тым, што адбываецца ў прававым полі сёння, то наезд на нашу краму можна лічыць “лайтовым” варыянтам. Зараз проста знікае парог успрымання. Тыя рэчы, якія год таму падаваліся дзікасцю, сёння ўжо нікога не здзіўляюць.

РР: Колькі ў вас было праверак?

Павел Белавус: Дакладна не памятаю, хаця завіталі практычна ўсе правяраючыя інстанцыі.

15 чэрвеня ў краму прыйшлі з праверкай прадстаўнікі падатковай інспекцыі і з аддзела па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі, тады была канфіскавана частка бухгалтарскіх дакументаў.

17 чэрвеня санстанцыя запатрабавала прыпыніць працу ў вытворчых памяшканнях з-за нейкіх парушэнняў.

Прыходзілі таксама з упраўлення па надзвычайных сітуацыях, райаддзела міліцыі, камунальнікі, якія адключылі нам электраэнергію.

Затым атрымалі ліст ад Менгарвыканкама з патрабаваннем прыбраць на працягу трох дзён з будынка шыльду крамы. Пазней прыйшоў прадстаўнік МНС разбірацца па ананімнай скарзе на нас, што нібыта з памяшкання ідуць непрыемныя пахі і жыхары скардзяцца, што апазіцыйная крама займаецца незразумелай вытворчасцю. Наступ ішоў па ўсіх франтах.

РР: Але да студзеня гэтага года крама яшчэ працавала…

Павел Белавус: Да 30 студзеня была праца ў інтэрнэт-фармаце па кур’ерскай дастаўцы тавараў, але затым нам абрэзалі магчымасць даставак. Больш за 200 пасылак затрымала Менская рэгіянальная мытня, і іх да гэтага часу не вярнулі.

А калі да нас прыйшлі і ўсё забралі, то далейшая праца наогул стала немагчымай. Зараз мы праяўляемся толькі ў сацыяльных сетках, даем культурна-інфармацыйны змест пра нашу гісторыю і нашы сімвалы.

РР: Адным словам, гэты бізнес-праект закончыўся?

Павел Белавус: Такая рэальнасць на дадзены момант. У нас няма ні памяшкання, ні дакументацыі, ні абсталявання. Большасць вытворцаў, з якімі мы раней працавалі, запалоханы і наўрад ці будуць выпускаць тую прадукцыю, якую мы замаўлялі. А калі нават і выпусцяць, то не сумняваюся, што гісторыя паўторыццца – ізноў прыйдуць сілавікі і ўсё забяруць.

Таму ў Беларусі працаваць мы не можам, а адкрываць нейкі філіял за мяжой асабліва не хочацца. Асабіста мне гэта не вельмі цікава.

РР: Чым вы зараз займаецеся? Ведаю, што ў вас малыя дзеткі, сям’ю трэба ўтрымліваць…

Павел Белаус: Я маю пэўны досвед у сферы рэкламы, сацыяльных сетак і новых медыя. Часам чытаю лекцыі альбо кансультую розныя кампаніі ў плане маркетынга. На гэта запыт ёсць. Акрамя таго, нейкія грошы прыносяць нашы ютуб-праекты. Таму неяк варушымся і стараемся не губляць аптымізма.

Дарэчы, калі справы нашай крамы ішлі добра, у кампаніі працавала 15 чалавек, але з усімі давялося развітацца. І практычна ніхто не застаўся без працы. Усе – проста цудоўныя спецыялісты, а такія заўсёды запатрабаваны.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота: symbal.by