Павел Лявіцкі: Падтрымка Напалеона – частка бясконцага паўстання ў Беларусі



15-га жніўня будзе адзначацца гістарычная дата дня нараджэння Напалеона Банапарта, чыя асоба ў Беларусі і Польшчы дагэтуль карыстаецца папулярнасцю. Вакол вайны 1812 году набудавана шмат афіцыйных міфаў, але бясспрэчна адно: частка беларусаў-ліцвінаў і палякаў чакала на прыход імператара, каб зрабіць сваю краіну вольнай ад Расейскай імперыі.

Наша карэспандэнтка Вольга Сямашка паразмаўляла з „Госцем Рацыі” – гісторыкам Паўлам Лявіцкім, пра тое, што было б з Беларуссю, калі б Напалеон выйграў, колькі беларусаў далучыліся да імператара і чым палкаводцу абавязаны Еўразвяз:

– 252 гады таму нарадзіўся вялікі чалавек. Вялікі для ўсяго свету, вялікі для Еўропы, вялікі для Беларусі таксама. Займаўся падчас напісання навуковай працы гэтым пытаннем. Я планаваў займацца навуковай дзейнасцю, вельмі пашанцавала вучыцца падчас першага нашага нацыянальнага ўздыму напрыканцы 80-х, напачатку 90-х. Вельмі моцнае кола выкладчыкаў, хто вучыўся, той ведае. Цяпер усе выкладчыкі з чалавечай пазіцыяй звольненыя з ВНУ. 

РР: Як Беларусь сустракала Напалеона?

– Эйфарыя. Па-першае наша краіна Літва-Беларусь была падзелена на два кавалкі. Першае, людзі адукаваныя, людзі з гонарам, люд паспаліты. Другая частка – гэта прыгонныя. Нічога не змянілася за 200 гадоў. Свядомая, адукаваная частка нашага грамадства ставілася да Напалеона, як да вызваліцеля. З канца нашага сумеснага хаўрусу з палякамі, Рэччу Паспалітай абодвух народаў, прайшло літаральна некалькі гадоў. У 1795 годзе быў апошні гістарычны момант, пасля няўдалага паўстання Касцюшкі. У 1807 годзе Напалеон аднавіў Вялікае Княства Варшаўскае, даўшы надзею палякам на суверэнную, незалежную дзяржаву пад пратэктаратам імператара Францыі. Беларусы-ліцвіны таксама чакалі ад Напалеона таго самага. Быў такі гістарычны факт, што ў Вільні ў першыя дні вызвалення гораду ад маскалёў, знайшлі дзве пары – хлопца-ліцвіна і дзяўчыну-польку, а таксама хлопца-паляка і дзяўчыну-беларуску-ліцвінку і зрабілі два вяселлі. На іх быў прысутны партрэт Напалеона. Мясцовыя ўлады зрабілі вельмі каштоўны ўнёсак на гэтыя вяселлі. Дзясяткі тысяч ліцвінаў добраахвотна ўступілі ў армію Напалеона. Кампанія 1812 года ніякай айчыннай не была, ні ў воднай гістарычнай крыніцы няма такой назвы. Ніводны ўдзельнік той кампаніі не называў яе айчыннай вайной. Нашыя суайчыннікі не здрадзілі Напалеону і былі з ім да самага канца.

РР: Што чакалі палякі і беларусы ад Напалеона?

– Волі, суверэнітэту. 

РР: Напалеон стрымаў свае абяцанні?

– Што цікава, Напалеон не выканаў тое, што вельмі хацелі палякі.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара