Павел Мажэйка: „Цэнтр гарадскога жыцця” паўстаў у „Крызе”



У Гародні, пасля працяглага рамонту, зноў адкрылася пляцоўка для беларускіх імпрэзаў у вядомай арт-галерэі „Крыга”. Новая назва яе: „Цэнтр гарадскога жыцця”. Функцыянальнае выкарыстанне пляцоўкі будзе пашырана, але пры захаванні ранейшых форм працы.

Кажа Павел Мажэйка, дырэктар „Цэнтру гарадскога жыцця”:

– Як ведаюць гарадзенцы, гэта месца, дзе знаходзіцца галерэя “Крыга”. Месца знакамітае. Месца намоленае. У такім сэнсе, што людзі прыходзяць сюды і ведаюць, што тут заўсёды ёсць нейкая інтэлектуальная еднасць. І мы вырашылі пашырыць дзейнасць у гэтым памяшканні. Не толькі прэзентацыямі мастацтва, гарадзенскага, беларускага, але таксама каб Цэнтр стаў месцам для дыскусій, месцам для сустрэч, месцам для абмеркаванняў праблемаў нашага горада, праблемаў Беларусі.  

Першымі мерапрыемствамі „Цэнтра гарадскога жыцця” сталі сустрэчы „Тыдня Беларускага мыслення”. З гарадзенцамі сустрэнуцца вядомыя краязнаўцы, даследчыкі, навукоўцы.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота budzma.by