Павел Севярынец прэзентаваў у Глыбокім „Каменнае сэрца”
„Каменнае сэрца” – прэзентацыя новай кнігі Паўла Севярынца прайшла ў Глыбокім. Гэта зборнік эсэ, якія напісаў аўтар за апошнія 20-ць гадоў. Кароткія гісторыі з няволі – „сутак”, „хіміі”, турмаў – паказваюць сённяшнюю Беларусь знутры, жыццё ва ўмовах цяперашняга рэжыму.
Як кажа Павел Севярынец, гэтая кніга ў першую чаргу пра ўнутраны стан чалавека, які трапляе ў няволю:
– Не пра знешнія нейкія рэчы, распарадак, ціск і г. д. Гэта даволі добра апісана, а вось унутраны стан чалавека – вялікая загадка. Для мяне было важна пагрузіцца ва ўспаміны тых часоў, калі я апынаўся ў турме за палітычныя акцыі, і прыпомніць як гэта ўсё было. Гэта і духоўныя рэчы, я прыйшоў да Бога ў турме. Гэта і эмацыйныя нейкія рэчы, і перагляд сваіх пачуццяў, дзеянняў, альбо бяздзеяння на волі. Я думаю, што беларусам будзе цікава чытаць гэтую кнігу.
„Каменнае сэрца” – шостая кніга з серыі „Беларуская турэмная літаратура”. Гэтая серыя была распрацаваная Праваабарончым цэнтрам „Вясна” ў 2017 годзе. У межах серыі выйшлі кнігі Змітра Дразда „Бунт батанікаў”, Ігара Аліневіча „Еду ў Магадан”, Алеся Кіркевіча „Сем месяцаў у беларускай турме”, Міколы Дзядка „Фарбы паралельнага свету” і Алеся Бяляцкага „Турэмныя сшыткі”.
Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя