Павел Севярынец узнагароджаны прэміяй „Воін святла” імя Міхася Жызнеўскага



Сёння, 26 студзеня, у Кіеве на вуліцы Грушэўскага была ўручаная штогадовая ўкраінска-беларуская літаратурная прэмія „Воін святла” імя Міхася Жызнеўскага. Сёлетнім лаўрэатам стаў пісьменнік і грамадскі дзеяч, сябра Саюзу беларускіх пісьменнікаў Павел Севярынец. Памятную статуэтку і дыплом атрымае ў Кіеве сяброўка Паўла, грамадская дзяячка Алена Талстая.

Сёння ж прадстаўнікі Саюза наведалі сям’ю Севярынцаў і павіншавалі яго жонку Вольгу.

Ад украінскага боку лаўрэатам прэміі стаў палтаўскі празаік, фатограф, ветэран АТА Віталі Запека.

Воін Святла (па-ўкраінску: Воїн світла) — міжнародная ўкраінска-беларуская прэмія памяці беларускага актывістa і журналіста, сябра Самаабароны Майдану, кавалера ордэна герояў Нябеснай сотні Міхаіла Жызнеўскага. Узнагарода ўручаецца ў дзень нараджэння Жызнеўскага каля яго надмагілля ў Кіеве. Заснаваная летам 2015 года Саюзам беларускіх пісьменнікаў і Нацыянальным саюзам пісьменнікаў Украіны. Прэмія прысуджаецца штогадова «за кнігу ўкраінскага і беларускага аўтара, у якой дзейнічае высакародны, смелы герой, які змагаецца за справядлівасць, вяшчае агульначалавечыя каштоўнасці і з’яўляецца прыкладам для пераймання». Папярэднімі лаўрэатамі прэміі ад Беларусі былі Анатоль Бароўскі, Міхась Скобла, Валянцін Дубатоўка, Радзім Гарэцкі.

Прэс-служба ГА „Саюз беларускіх пісьменнікаў”

Фота Анатоля Івашчанкі