Павел Церашковіч напісаў кнігу пра глабальныя праблемы
Ужо падрыхтавана да выхаду новая кніга антраполага Паўла Церашковіча па праблемах глабальнага маштабу. Называецца праца „Глабальныя праблемы чалавецтва: нарысы эканамічнай і сацыяльнай геаграфіі сучаснасці”.
Як заўважае ў ёй аўтар, найцяжэйшай праблемай можа стацца праблема сацыяльнай няроўнасці , як перспектыва страты рабочых месцаў, дзе працу чалавека пяройме робат. Такая праграма ў Нямеччыне называецца „Індустрыя 4.0”.
Пра спробы выхаду з гэтай пасткі кажа аўтар кнігі Павел Церашковіч:
– Не застрахаваны ніхто, а што будзе з людзьмі, пакуль што таксама ніхто не можа адказаць. Ёсць два варыянты, якія прапрацоўваюцца. Першы – гэта шведскі варыянт, там праводзілі эксперымент па скарачэнню працоўнага тыдня. То бок людзі ў шпіталі сталі працаваць на адзін дзень меней. Эфектыўнасць працы і зацікаўленасць павысілася, але высветлілася, што гэта патрабуе такіх выдаткаў, якія пакуль што яшчэ нават Швецыя дазволіць сабе не можа.
Другі варыянт – гэта даход. Гэта значыць прынцып, згодна з якім, кожны грамадзянін краіны мае права атрымліваць частку нацыянальнага багацця. І не залежна ад таго, працуе ён, ці не. Кажа Павал Церашковіч:
– Вось зараз такі эксперымент праводзіцца ў Фінляндыі, дзе выбралі каля 2,5 тысяч беспрацоўных. Яны атрымліваюць гарантаваную суму, якой дастаткова для таго, каб выжыць. На працягу некалькіх гадоў будуць сачыць ці спрацуе гэта, ці не спрацуе. Для Беларусі гэта падвойны выклік, бо на Захадзе абмяркоўваюцца варыянты безумоўнага даходу і г. д. А вось што будзе з такімі краінамі, як Беларусь? Усё роўна, дзе будзе ўстаноўлены гэты робат-аўтамат, у Кітаі, Нямеччыне, ці яшчэ дзе-небудзь.
Што будзе з намі, пакуль ніхто не можа пэўна адказаць. Кніга мае выйсці ў бліжэйшыя дні, як выданне ад Таварыства беларускае школы.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня