Павук – ахоўнік беларускай хаты



У віцебскім “Горадзе майстроў”, які з’яўляецца адной з творчых пляцовак “Славянскага базару”, супольна выраблялі вялізнага саламянага павука.

Павуком называецца складаная канструкцыя з рухомых геаметрычных фігур, якая ў нашых продкаў увасабляла Сусвет. Нягледзячы на крохкасць матэрыялу, саламяныя павукі аказаліся трывалымі ў народнай памяці, кажа майстрыха Наталля Сцержанкова з Шумілінскага раёну:

– Саламяны павук робіцца з саломы, салому мы жнём на Купалле. У нашым раёне павукі рабіліся восенню, зімой – калі не было працы на зямлі. Збіраліся маці з дзецьмі, ці бабулі, ды рабілі павукоў. А як яшчэ традыцыі перадаваць? Ад бабулі да маці, ад маці да дачкі. І каб не такая сямейная забава, то як бы мы даведаліся пра гэта?

Павук з залацістай саломы ўпрыгожваў сціплае сялянскае жытло. І, як лічылі нашы продкі, меў магічныя здольнасці, дадае Наталля Сцержанкова:

– Рабілі павукоў на Каляды.Каб ён збіраў цэлы год дрэнную энергію, а потым яго палілі і вешалі новага. А каб быў добры ўраджай, то павукоў рабілі з сонейкамі і кроплямі дажджу. Нашы продкі верылі, што, калі будзе вось такі павук, то будзе добрае надвор’е і добры хлеб.

Павука вышынёй паўтара метры рабілі разам майстрыхі з сямі раёнаў Віцебшчыны. Заадно праводзілі майстар-клас: паказвалі, як робяцца фігуркі з саломы, усім ахвотным. З заўтршняга дня, калі ён будзе гатовы, падзівіцца на гіганцкі абярэг можна будзе ў абласным цэнтры народнай творчасці.

Ганна Ліпка, Беларускае Радыё Рацыя