Пазітыўная выстава ў Глыбокім



Захапленне” – выстава карцін і вырабаў з дрэва, металу ды іншага падручнага матэрыялу адкрылася ў Глыбоцкім цэнтры традыцыйнай культуры і народнай творчасці. На ёй свае працы выставіў самы пазітыўны мастак з Глыбокага Віктар Арочка. Дарэчы, і прэзентацыя выставы была самай вясёлай за ўвесь час на Глыбоччыне. Па словах кіраўніка народнага клуба майстроў “Крыніца” Святланы Кавальчук, Віктар Арочка ўмее ствараць пазітыўную атмасферу і здзіўляць наведнікаў. Так было і гэтым разам:

Усе ведалі яго як мастака-жывапісца, таму ніхто не чакаў ад яго менавіта такой выставы. Бо ўсе заходзілі і пыталіся, дзе карціны. Ён усіх здзівіў. Я ведала, што ён працуе з металам, але чамусьці думала, што будзе метал і жывапіс. Яшчэ быў макет. Ён любіць свой горад, хоча, каб усё у ім было прыгожа і годна.

Падчас выставы Віктар Арочка прэзентаваў і свой макет культурніцкай сядзібы-музея, якую ён хоча, каб пабудавалі ў Глыбокім на гары Капітаніха. Там ён прапаноўвае змясціць некалькі ўстаноў:

Краязнаўчы музей, мастацкая школа, дом рамёстваў, выставачная зала. Мы ўсе па нейкіх халупках юцімся, а гэткая гара пустуе. Хапае і плошчы, і ў архітэктурным плане не патрабуе вялікіх выдаткаў. Уладам я не прапаноўваў яго яшчэ, але дзякуючы вам, я думаў, дойдзе да іх інфармацыя і яны мне пасля патэлефануюць.

На выставе яшчэ прадстаўленыя рыцарскія даспехі, якія аўтар вырабіў сумесна са сваім родным братам Уладзімірам. Таксама там можна пабачыць фатаграфіі, выкананыя ў рэжыме макраздымкі.

Экспазіцыя працуе да 20 ліпеня. Потым адкрыецца выстава мастака Эдуарда Мацюшонка з Вілейкі.

[Not a valid template]

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя, Глыбокае

Фота аўтаркі