“ПЕРА-k-ЛАД” – вялікі літаратурны фэст у Гародні



16 чэрвеня ў гарадзенскай “Цудоўні” адбудзецца вялікі літаратурны фэст пад назвай ПЕРА-k-ЛАД. Да гарадзенцаў прыедуць Марыя Мартысевіч і Надзея Кандрусевіч, свае пераклады будзе чытаць Андрэй Хадановіч. Пра будучы фэст распавядае адзін з яго арганізатараў кіраўнік “Цудоўні” Андрэй Несцяровіч:

– Гэта першы літаратурны фэст падобнага класа за апошніх гадоў дзесяць. Па-другое,  пакаленне змянілася, і людзі змяніліся, і падыходы змяніліся. І зараз выходзяць кнігі якасныя, цікавыя. Толькі пра іх шмат хто не ведае. І фактычна на гэты фестываль прыязджаюць людзі, якія менавіта прэзентуюць цэлы сегмент перакладной сучаснай літаратуры і сусветнавядомай літаратуры.

На думку Андрэя Несцяровіча, імёны Марыі Мартысевіч і Надзеі Кандрусевіч павінны быць вядомыя кожнаму беларусу, што цікавіцца літаратурай:

– Марыя  Мартысевіч, якая курыравала серыю “Амерыканка”. Гэта Надзея Кандрусевіч, заснавальніца дзіцячага выдавецтва “Коска”, якая прывязе дзіцячыя кніжкі, ў тым ліку новую “Маму Му”. Гэта чалавек, які наважыўся ў сённяшні дзень адкрыць дзіцячае выдавецтва. Андрэй Хадановіч, чалавек, якога гарадзенцам нават не трэба прадстаўляць. Яго ўсе і так ведаюць. Ён на пару з Алесем Дзянісавым будзе прэзентаваць ірландскага паэта Ейтса.

Імпрэза распачнецца 16 чэрвеня а 17-й гадзіне, і кожны прыйшоўшы зможа не толькі паслухаць перакладзеныя творы, але і набыць новыя кнігі па-беларуску.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня